“Суджаны-раджаны”, або што хаваецца ў варажбітных люстэрках напярэдадні Раства?

фота аўтараТрадыцыйна склалася, што неад’емнай часткай Раства з’яўляецца варажба: беларусы плавяць воск, кідаюць боты праз плот, робяць з дапамогай люстэркаў адмысловы праход, каб пабачыць суджанага… Як варта ўспрымаць такія спосабы варажбы на Калядкі? Па кансультацыю карэспандэнт партала КРЫНІЦА.INFO звярнуўся да ксяндза-экзарцыста Аляксандра Жарнасека, які ўжо колькі гадоў змагаецца з наступствамі такой варажбы.

— Раство знакамітае не толькі нараджэннем нашага Збаўцы, але і магчымасцю паваражыць. Айцец Аляксандр, скажыце, з чым гэта звязана? Падаецца, што свята Хрыста і варажба — рэчы несумяшчальныя. Тым не менш, нават у нашыя дні варажыць на Божае нараджэнне з’яўляецца рэччу ледзь не натуральнаю…

фота з асабістага архіву ксяндза Аляксандра Жарнасека Часта кажуць, што злы дух — гэта малпа. Ён любіць парадыраваць Бога. Злы дух мае такую прыроду, што хоча, каб яму ўсе пакланяліся. Існуе гісторыя, як раптам ноччу ён прыйшоў да аднаго чалавека і сказаў: “Я цябе люблю”. І гэтага чалавека стала трэсці, бо, натуральна, гэта была зусім не тая любоў. Любіць па-сапраўднаму можа толькі Бог, а д’ябал спрабуе стаць на яго месца. І таму ён умела стварае ілюзію хрысціянства. Нехта звяртаецца да бабкі-шаптухі з пэўнай праблемай, і яна, у сваю чаргу, кажа, каб чалавек выйшаў а трэцяй гадзіне ночы на скрыжаванне і штосьці там зрабіў. Чаму у пятніцу а 3? Таму што ў пятніцу а 3 гадзіне дня памёр Хрыстос. Чаму на скрыжаванне? Усё проста: скрыжаванне — гэта крыж Хрыстовы. І людзі выходзяць і пачынаюць, напрыклад, пляваць праз левае плячо, як было ім сказана. На самой справе, такім чынам яны пачынаюць апаганьваць крыж. Таму нічога дзіўнага не знаходжу ў тым, што людзі пачынаюць варажыць менавіта на Раство. На Вялікдзень злому складаней “падладкавацца”, бо свята рухомае.

На жаль, людзі, нават якія вераць у Хрыста, пачынаюць варажыць дзеля забавы альбо паводле нейкай традыцыі, нават не ўсведамляючы, што аддаюць хвалу зусім не Богу. І такіх людзей шмат…

фота аўтара2— Перш за ўсё, калі мы размаўляем пра магію, мы павінны адрозніваць чорную магію ад белай. Чорная магія гэта вынік людской нянавісці (праклёны, псуцці, прывароты). Белая магія гэта зварот людзей па пэўныя духоўныя сілы для чагосьці добрага: каб дзіця не хварэла, каб наладзіўся бізнэс Але, па сутнасці, белая магія — гэта тое ж самае, што і чорная. Толькі людзі наіўна думаюць, што на гэта ўсё іх бласлаўляе Бог. Вернік, канешне, будзе прасіць усё гэта ў Бога. Чалавек, які займаецца магіяй, нават у форме бяскрыўднай варажбы, фактычна спрабуе падпарадкаваць сабе духоўныя сілы. І пры гэтым важна разумець, што ніякія добрыя духі тут у гульню не ўваходзяць. Да белай магіі мы можам аднесці таксама і шматлікіх бабак-шаптух. Але нават калі бабка чытае малітвы, а паміж імі — нейкія свае вершыкі, то гэта ўсё роўна камунікацыя са злымі духамі.

— А ці можаце распавесці пра канкрэтныя дзеянні злога духу, калі асоба свядома ці несвядома датыкнулася да варажбы?

— Усё залежыць ад таго, з якім духам вядзецца справа. Духі маюць розную сілу. Яны складаюць цэлую іерархію: ёсць мацнейшыя, а ёсць слабейшыя. І, канешне, ёсць розніца, на каго накіравана гэтая сіла. Калі на верніка хтосьці пасылае праклён, то нічога яму не будзе, бо чалавек знаходзіцца пад абаронай. Калі ўздзеянне робіцца на няверніка, то, напрыклад, “Вуду” можа ўвогуле яго забіць.

— Але калі не браць Вуду, а ўзяць звычайную, асабліва беларуску-няверніцу, якая перад Раством проста захацела паваражыць на суджанага… У чым заключаецца яе небяспека?

— Аднойчы ўначы я маліўся за адну з такіх дзяўчат. А яна мне расказала потым, што ў той час у люстэрку, з дапамогай якога яна варажыла, яна пабачыла мой крыж, які вокам проста немагчыма было пабачыць. І потым дзяўчына нават паказала мне гэты крыж. І вось такія дэманічныя рэчы і з’яўляюцца наступствамі. І калі ты будзеш у іх улазіць, потым зло будзе аказваць розны ўплыў; цяжка сказаць, які канкрэтна: гэта варта глядзець па сітуацыі. Ён залежыць ад таго, які рытуал быў здзейснены, наколькі моцны дух прыйшоў, ці з’яўляецца чалавек вернікам.

— А ці ёсць розніца ўздзеяння злога духу на верніка і на чалавека, які пра гэта нават не задумваецца?

— Ведаеце, верыш ты ў Бога або не, Ён усё роўна ёсць. Тое ж правіла спрацоўвае і са злымі духамі. Часта людзі, калі маюць дачыненне да чагосьці рытуальнага, кажуць: “Я ўсё роўна ў гэта не веру”. І зноўку, верыш ты ў гэта ці не верыш, яно ўсё роўна існуе. І гэта не залежыць ад веры. Верніку проста вельмі грахоўна “ўлазіць” у такія рэчы. Калі табе Бог адкрыў праўду, а ты яе адкідаеш, натуральна, што гэта не ёсць добра. А ўздзеянне злога духу будзе незалежна ад таго, вернік ты ці не вернік.

фота аўтара3— Ці можа пасля адной такой варажбы да чалавека прыйсці апантанасць д’яблам?

Канешне, гэта адна з форм наступстваў. Можа прыйсці як апантанасць, так і розныя моцныя спакусы. Бываюць выпадкі, калі ідзе ўздзеянне на мозг чалавека. Напрыклад, жыве сабе чалавек шчасліва, мае сям’ю, добрую працу. І раптам у яго з’яўляецца навязлівая думка — невядома адкуль — скінуцца з маста. Альбо людзі прыходзяць у касцёл, глядзяць на крыж — і раптам да іх прыходзяць блюзнерскія думкі супраць Хрыста. Часты ўплыў злога духа — гэта элементарная спакуса і грэх. Дэман можа аказваць ціск і на мозг праз фізічныя рэчы: пачынаюць лётаць нажы, рондалі, людзі бачаць шэрыя постаці, прачынаюцца ноччу ад таго, што нехта сцягвае коўдру. Злы дух проста можа па-рознаму ўплываць на чалавека. Апантанасць — гэта адна з форм уплыву. Я не магу сказаць, што гэта самая жудасная форма. Яна жахлівая звонку, сваімі паранармальнымі з’явамі. Самае жудаснае — гэта грэх, бо чалавек можа не паспець пакаяцца і трапіць у пекла. А апантаны часта спрабуе вырвацца з гэтага кола, ходзіць у царкву ці касцёл, рэгулярна спавядаецца.

Можа, у Вашай практыцы сустракаліся выпадкі, калі праз несвядомыя магічныя рытуалы чалавек станавіўся апантаным?

— Я не магу прыгадаць, каб апантанасць прыходзіла канкрэтна праз пэўны спосаб варажбы. Але ёсць адна дзяўчына, якая была верніцай і ў пэўны момант стала грашыць — займацца блудам. І потым аказалася, што яна была апантанай. Яна адраклася ад граху, стала рэгулярна спавядацца, а апантанасць усё не праходзіла. І Джэймсу Манджакалу, вядомаму харызмату, які праводзіў малітву, быў адкрыты вобраз, што яе ў дзяцінстве вадзілі да бабкі. Дзяўчынка была нездаровая — і шаптуха сказала ейным бацькам, каб тыя павадзілі хворымі часткамі цела па могілках. Дзяўчынка стала здаровай, расла, хадзіла ў касцёл, а потым праз гады пачаліся праблемы. І, насамрэч, цяжка сказаць, калі ў яе ўвайшоў дэман: у момант, калі яе да пакойнікаў неслі, альбо тады, калі яна пачала грашыць. Але вось гэты рытуал, які быў зроблены ў дзяцінстве, і трымаў злога ўнутры дзяўчыны. І пакуль не сталі маліцца за вызваленне менавіта ад гэтага рытуалу, дэман сядзеў у ёй. Апантанасці з-за варажбы я не сустракаў, але наступствы, якія суправаджаюцца дзеяннем злога духу, сто адсоткаў пасля такога акту будуць.

— Акрамя варажбы, на Раство беларусы часта калядуюць, пераапранаючыся ў розныя істоты. Ці можа нейкім чынам злы дух дзейнічаць праз гэта?

— На гэтае пытанне я не магу адказаць адназначна. Прынамсі я не сустракаўся з дзеяннем злога духу пасля калядак. Калісьці несвядома калядаваў і я. Але зараз я бы не ўлазіў у такі абрад, бо гэта звязана з паганствам. Натуральна, што калядкі — гэта беларуская традыцыя, але хрысціянскага тут мала. Праўда, з цягам часу Каляда ўвабрала ў сябе хрысціянскія рысы. У варыянце хрысціянскім няма коз, медзвядзёў ды зорак: людзі проста ходзяць і спяваюць пра калядкі. І свята набывае ўжо зусім іншы характар. Прынамсі, у казу я бы дакладна не пераапранаўся і нікому бы не раіў. Раство — гэта хрысціянскае свята. Варта быць вельмі асцярожным пры яго святкаванні і адрозніваць, што ідзе сапраўды ад Бога, а што з’яўляецца яго толькі мізэрным, нікчэмным і небяспечным падабенствам.

Вікторыя Чаплева, КРЫНІЦА.INFO, фота аўтара і з архіву а. Аляксандра Жарнасека

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі