Хрысціянскі гурт SGband расказвае галандцам аб Беларусі

sgband
http://vk.com/sg_band

Хрысціянскі музычны гурт SGband у гэтыя святочныя дні распавядае галандцам пра Беларусь і беларусаў. Гурт знаходзіцца ў Нідэрландах з серыяй дабрачынных канцэртаў, якія сталі падарункам да свята Нараджэння Хрыстовага для галандскіх аматараў добрай музыкі.

У складзе гурта Віктар Грэбень, Аляксей Грэбень і Стас Мацвяюк. Да хлопцаў таксама далучылася расійская спявачка азербайджанскага паходжання Niloo, пераможца конкурсу “Новая волна-2012”.

Як стала вядома парталу КРЫНІЦА.INFO, маладыя музыканты з Кобрына ўжо выступілі ў гарадах Райсэн, Алмело, Вірдэн, Холт, Энсхердэ, Урызенвэн. Канцэрты праходзяць у школах, каледжах, дамах састарэлых і на адкрытых святочных пляцоўках. Графік вельмі шчыльны – 4-5 выступаў на дзень.

“Задача гэтай серыі канцэртаў – мовай музыкі распавесці гледачам пра тое, што сабой уяўляе сучасная Беларусь, садзейнічаць стварэнню станоўчага іміджу нашай краіны ў Галандыі і, вядома ж, садзейнічаць моладзеваму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі”, – распавёў КРЫНІЦА.INFO адзін з арганізатараў канцэртаў з беларускага боку Георгій Дзмітрук. З галандскага боку падрыхтоўкай турнэ займаўся Эрык Ягр, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Stichting Gichon”, якая вядомая сваімі дабрачыннымі акцыямі ў Беларусі, у прыватнасці, будаўніцтвам аздараўленчага цэнтра ў Кобрыне.

Група SGband (ад англ. Saving Grace – жыватворчая любата) – гэта чацвёра маладых хлопцаў, шчырая і эмацыянальная творчасць якіх выяўляецца ў пранікнёных тэкстах і меладычных кампазіцыях. Гурт вызначае свой стыль як pop-rock, робячы акцэнт на гітарнае гучанне ды вакал. Кампазіцыі SGband дазволілі хлопцам у 2012 годзе заняць 2-е месца ў Маскоўскім фестывалі “Призван быть первым”, у 2013 годзе перамагчы ў міжнародным фестывалі “X-star rock” і атрымаць музычную прэмію ЕМА у намінацыі “Прорыв года”. У 2014 годзе выступілі з песняй “Remember” як госці фіналу адборачнага туру конкурсу “Eurovision” у Беларусі.

Ілля Грызуноў, фота Георгія Дзмітрука і са старонкі SGband Вконтакте

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі