Каталіцкія біскупы Дзям’янка і Станеўскі правялі святочныя сустрэчы з вернікамі Гомеля і Ашмянаў

demДапаможны біскуп Гродзенскай каталіцкай епархіі Юзаф Станеўскі 24-26 снежня праводзіў Калядныя сустрэчы з вернікамі Ашмянскага дэканату.

Герарх наведаў парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах, Найсвяцейшага Сэрца Езуса i Анёлаў Ахоўнікаў у Андажаве, Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках, святога апостала Якуба ў Цудзенішках. У часе сустрэчаў біскуп узначальваў Эўхарыстыю, маліўся разам з вернікамі, дзяліўся аплаткай, віншаваў са святам, паведамляе catholic.by.

Ва ўсіх парафіях, куда завітаў герарх, вернікі ўпершыню перажывалі свята Божага Нараджэння разам з біскупам, таму візіт праходзіў у надзвычай урачыстай і ўзрушанай атмасферы.

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка 28 снежня ў дзень свята Святой Сям’і ўзначаліў Святую Імшу ў парафіі Нараджэння Божай Маці ў Гомелі. У часе гаміліі біскуп казаў пра крызіс, які перажывае сёння панятак сужэнства ў Еўропе, а таксама зрабіў акцэнт на тым, што душпастыры і іншыя вернікі ў парафіі павінны дапамагаць разведзеным асобам, “каб тыя адчувалі клапатлівую любоў і стараліся ісці ў накірунку выпраўлення сітуацыі, каб не адчувалі, што яны выключаныя з Касцёла, бо як ахрышчаныя, яны могуць і павінныя ўдзельнічаць у яго жыцці”.  “Касцёл хоча быць блізка да ўсіх тых, хто неаднойчы не з сваёй віны аказаўся ў цяжкіх сітуацыях альбо нават жыве ў адносінах, якія супярэчаць Божаму намеру, напрыклад, без сакрамэнту сужэнства альбо ў чарговых саюзах. Святы Айцец павучае, што Касцёл асуджае не чалавека, але грэх, які стаіць на перашкодзе да яго шчасця”, – адзначыў пінскі ардынарый.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі