Топ-5 з’яў з жыцця хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў 2014 годзе

Асвячэнне крыжа ў Курапатах 66Мінулы год адзначыўся шэрагам важных падзей у жыцці беларускіх хрысціян. Менавіта ў гэты год узнікла грамадзянская ініцыятыва “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў”, адным з вынікаў дзейнасці якой стаў хрысціянскі інфармацыйны партал КРЫНІЦА.INFO. Сёння  КРЫНІЦА.INFO прадстаўляе агляд пяці найбольш гучных з’яў з жыцця хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў 2014 годзе.

Новыя біскупы

Распачаўся 2014 год з пасвячэння трох новых каталіцкіх біскупаў. Імі сталі трое маладых беларускіх святароў. Алег Буткевіч стаў новым ардынарным біскупам Віцебскім, Юры Касабуцкі – дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай арцыдыяцэзіі, а Юзаф Станеўскі – дапаможным біскупам Гродзенскім.

У сакавіку адбыліся змены ў кіраўніцтве Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай. На пасаду біскупа быў абраны Сяргей Цвор, ягонымі намеснікамі – Леанід Бірук і Сяргей Паднюк.

А ў снежні новы кіраўнік з’явіўся і ў Рэлігійнага Аб’яднання Абшчын Хрысціян Поўнага Евангелля ў Беларусі. Ім стаў пастар з Баранавічаў Леанід Вараненка.

Новыя епархіі БПЦ

Важнай падзеяй у жыцці беларускіх хрысціян стала і стварэнне новых епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы. Напачатку ў кастрычніку з Мінскай епархіі вылучыліся Маладзечанская, Слуцкая і Барысаўская, а ў снежні з Навагрудскай — Лідская. Мінская епархія была звужаная да меж Мінска і Мінскага раёна. Кіраваць Барысаўскай епархіяй быў прызначаны епіскап Веніямін (Тупека), Маладзечанскай – архімандрыт Павел (Цімафеенкаў), Слуцкай – архімандрыт Антоній (Даронін), Лідскай – Парфірый (Праднюк). Павел (Цімафеенкаў) ужо быў пасвечаны ў сан епіскапа, а Парфірый (Праднюк) – у сан архімандрыта.

Самакіраванне

Навіной снежня ў рэлігійнай сферы Беларусі можна лічыць агучанае імкненне Беларускай Праваслаўнай Царквы дамагацца самакіравання ў межах Маскоўскага патрыярхату.  Хаця афіцыйнай пазіцыі РПЦ на гэты конт дагэтуль няма, пытанне ўжо выклікала бурлівае абмеркаванне як у Расіі, гэтак і ў Беларусі.

Сусветныя форумы

Адзначыўся 2014 год і правядзеннем у Беларусі хрысціянскіх форумаў сусветнага маштабу. 24-28 лютага ў Лідзе адбыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў. У чэмпіянаце прымалі ўдзел каманды Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі. Беларусь на ім заняла чацвёртае месца.

У Мінску 2-5 чэрвеня прайшоў IV Праваслаўна-Каталіцкі Форум. Мерапрыемства такога маштабу Беларусь прымала ўпершыню. Раней Праваслаўна-Каталіцкі Форум праходзіў у Партугаліі, Італіі і Грэцыі. У мінскім форуме ўдзельнічалі праваслаўныя і каталіцкія іерархі з усёй Еўропы, у тым ліку старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліт Іларыён і старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кардынал Петэр Эрдзё.

5-6 снежня ў Мінску прайшоў Глабальны лідарскі саміт. Яго галоўная мэта — павялічыць уменне кіраваць. Мерапрыемства праводзіцца для лідараў царквы, а таксама кіраўнікоў у галіне камерцыі, адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Удзельнікі саміта маглі паслухаць выступы экспертаў у сферы кіравання, чые імёны звязаны са стварэннем і развіццём кампаній транснацыянальнага ўзроўня. Лідарскі саміт у яго глабальным значэнні аб’ядноўвае хрысціян розных рас, культур, этнічных груп і дэнамінацый і ахоплівае 190 тысяч лідараў у 105 краінах.

Пераслед

У чэрвені стала вядома, што спыненая справа ў дачыненні былога пробашча каталіцкай парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве Уладзіслава Лазара, які быў таемна затрыманы 31 ці 1 чэрвеня 2013 года і на паўгода змешчаны ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў аказанні грашовай дапамогі чалавеку, якога падазравалі ў шпіянажы супраць Беларусі. Справа спыненая за недаказанасцю.

Сутыкнуліся з пераследам і шэраг іншых каталіцкіх святароў-замежнікаў, якім беларускія ўлады не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Адміністратару парафіі святых Казіміра і Ядзвігі ў Магілёве Раману Шульцу атрымалася працягнуць дазвол на служэнне.

У Гродне з прычыны будаўніцтва шашы была разабраная каталіцкая капліца на ўскрайку пасёлка Фабрычны. Дазвол на будаўніцтва новай святыні, нягледзячы на акцыі і прашэнні вернікаў, дагэтуль не атрыманы. Двойчы не захацелі ўлады рэгістраваць каталіцкую тэалагічную акадэмію ў Мінску. Узнікалі прэтэнзіі ў міліцыянтаў да вернікаў і падчас калядных святаў, калі храмы атачаліся празмернымі мерамі бяспекі.

У студзені былі аштрафаваныя чацвёра баптысцкіх вернікаў Гомеля за выкарыстанне не па прызначэнні будынку – правядзенне каляднага набажэнства 22 снежня 2013 года. Не быў дазволены візіт баптысцкага пастара да асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага ў красавіку Паўла Селюна.

У жніўні 2014 года царква хрысціян поўнага Евангелля “Новае жыццё” ў Мінску дамовілася з гарадскімі ўладамі вырашыць пытанне свайго статусу. Бакі дамовіліся пра візіт дзяржаўных чыноўнікаў, які, на думку вернікаў, можа дапамагчы вырашыць існыя праблемы, у тым ліку з электразабеспячэннем.

Адносна пераследу можна таксама ўзгадаць апаганьванне двойчы – у кастрычніку і снежні — нацысцкай сімволікай юдэйскай сінагогі ў Гомелі. Інфармацыі пра затрыманне вінаватых не выяўлена.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі