“Зыход: каралі і багі”: а дзе ж тут Бог?

зыход1 студзеня ў беларускіх кінатэатрах стартаваў паказ кінастужкі “Зыход: каралі і багі”, прысвечанай тэме зыходу габрэяў з Егіпту. Фільм ужо паспеў стаць скандальным, яго паказ забаронены за “сіянізм” у шэрагу арабскіх краін, у тым ліку ў Егіпце. Карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO паглядзеў фільм і дзеліцца сваімі ўражаннямі.

З плюсаў фільма можна назваць добрую графіку, спецэфекты ды ігру акцёраў. Яго можна глядзець, калі вы не ставіце на мэце пабачыць біблійную гісторыю, бо стужка толькі заснаваная на біблійных матывах. Самага важнага, з майго пункту гледжання, у ёй няма.

Не буду пералічваць усе недакладнасці. Толькі самыя галоўныя.

Сустрэча з Богам на Сінаі. Паводле фільма можа скласціся ўяўленне, што ніякага Бога на Сінаі Майсей не сустракаў: яго проста ўдарыла каменем па галаве падчас селю – і яму нешта пабачылася. Ён не здымае свайго абутку, бо знаходзіцца на святой зямлі (Выхад 3:5), але ляжыць пад слоем бруду і кажа, што ў яго пашкоджаная нага. Пры гэтым Майсей бачыць нейкага малога хлопца, які кажа, што ён – «Я – Той, Хто Ёсць» (Выхад 3:14). У Новым запавеце так сябе называе Ісус Хрыстос (пар. Ян 8:58), і было б лагічным калі і бачыць Госпада ў чалавечым абліччы, то не дзіцяці, а Хрыста. Дзіця таксама не дае больш канкрэтнага апісання сябе (Выхад 3:6 – “Я – Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба”), з-за чаго Майсей нават не можа адказаць фараону, які бог яго паслаў. Не просіць яно (Госпад?) і вызваліць габрэйскі народ, але кажа, што яму патрэбны ваяр.

Непаразуменне паміж Майсеем і дзіцём скразіць праз увесь фільм, пры гэтым Майсей, часцяком не ведаючы волі Бога, спрачаецца з Ім, крычыць на Яго. Хлопчык жа прадстаўлены як капрызны і помслівы.

Што тычыцца кар егіпецкіх, то адбываюцца яны самі па сабе. Фараон і егіпцяне не ведаюць іх прычын і мусяць здагадвацца пра іх. У Бібліі ж Майсей з братам Ааронам перад кожнай карай прыходзіць да фараона, просячы адпусціць габрэяў і прадказваючы будучае пакаранне, калі гэта не будзе зроблена. Тут жа ён выступае як кіраўнік партызанска-тэрарыстычнага атраду, які толькі двойчы прыходзіць да фараона: як начны вор, ледзь не перарэзаўшы яму горла, і перад апошняй карай. Аарон жа проста ўзгадваецца некалькі разоў.

Падчас ужо непасрэднага зыходу Майсей працягвае не ведаць волі Бога і вядзе народ фактычна наўздагад, баючыся, што прывёў яго на згубу. У Бібліі ж “Майсей сказаў народу: «Ня бойцеся, стойце на месцы – і ўбачыце збаўленне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сягоння; Егіпцян, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі не ўбачыце” (Выхад 14:13). Жазлом жа Майсею служыць егіпецкі меч, тады як кій свой ён пакінуў сыну. Не было паміж ізраільцянамі і егіпцянамі воблачнага слупа, які падзяляў іх. Яго ролю выканала габрэйская кавалерыя (!).

Увогуле ж падчас фільма складваецца адчуванне, што ўсе кары, разыходжанне вод – проста цудоўнае супадзенне, дзякуючы якому стукнутаму каменем па галаве Майсею пашчасціла вывесці ізраільцян.

Былі ў фільме і іншыя, больш дробныя разыходжанні з Бібліяй, але ўзгадваць усіх іх не мае сэнсу.

Поўны фільм і гістарычных недакладнасцей. Аўтары фільма ўзялі за аснову версію, што выхад адбываўся за часамі фараона Рамзэса ІІ (у Бібліі фараон не называецца па імені), якая лічыцца адной з найбольш абгрунтаваных. Пры гэтым у стужцы рэгулярна паказваецца, як будуюцца піраміды, тады як іх перасталі будаваць амаль за тысячу год да таго.

Паводле фільма ў бітве пры Кадэшы з хетамі Рамзэс удзельнічаў у якасці кронпрынца. Хаця крыніцы ўзгадваюць ужо яго фараонам. Дый хеты – прадстаўнікі адной з найбуйнешых і высокаразвітых імперый таго часу – прадстаўленыя як ваяры-качэўнікі кшталту гунаў, мангола-татар і іншых. Не быў сталіцай за часамі Рамзэса ІІ і Мэмфіс: цэнтрам краіны быў Аварыс, а затым Пэр-Рамзэс, будаўніцтва якога і паказанае ў фільме.

Дзіўнымі выглядаюць фразы кшталту пра “эканамічны бок пытання”, патрабаванні роўных правоў і заробкаў для габрэяў, а таксама імкненне націснуць на народ, каб ён націснуў на  фараона – жывога бога паводле вераванняў егіпцян. Усё гэта характэрна для прынамсі ХІХ ст. ад Раства Хрыстова, а не для другога тысячагоддзя да нашай эры.

Так што, калі вы хочаце пабачыць выдатныя спецэфекты, добрую 3Д-графіку і паглядзець на старажытных егіпцян, то гэты фільм можа вас зацікавіць, але ж знайсці ў ім Бога ў вас наўрад ці атрымаецца.

Максім Гацак, КРЫНІЦА.INFO

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі