Калядны баль для сямейных пар прайшоў у царкве «Новае Жыццё»

2014-12-29-5Традыцыйны калядны вечар для сямейных пар прайшоў у мінскай царкве хрысціян поўнага Евангелля «Новае Жыццё» 29 снежня. Свята было арганізавана ў форме дабрачыннага балю.

Вядучыя – лідары сямейнага служэння царквы «Новае Жыццё» Васіль і Алена Дзянісавы – адкрылі вечар малітвай падзякі Госпаду за нараджэнне Ісуса Хрыста.

На вечарыне выступілі прадстаўнікі спартыўнага клуба «Дуэт», фіналісты першынства Беларусі па бальных танцах, пераможцы і ўдзельнікі шматлікіх міжнародных спаборніцтваў, а таксама абсалютныя чэмпіёны Іспаніі і прызёры чэмпіянату свету Валерыя Урымагава і Марк Філанэз Бланх, паведамляе newlife.by.

Прафесійныя танцоры парадавалі гасцёў мастацтвам бальнага танца і майстар-класамі. Акрамя таго, было арганізавана некалькі займальных конкурсаў.

Перад гасцямі выступіла спецыяльны госць каляднага балю Ганна Гарчакова, тытулаваная спартсменка Беларусі сярод людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

На свяце прысутныя сабралі ахвяраванні для трох адзінокіх маці, якія выхоўваюць па трое-чацвёра дзяцей.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі