Патрыярх Кірыл: уся гісторыя чалавецтва да Раства Хрыстова — гісторыя пошукаў Бога

КірылНапярэдадні свята Божага Нараджэння Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл павіншаваў хрысціян усіх краін са святам Божага Нараджэння. «Малітоўна жадаю, каб мы ўсе напоўніліся духоўнай радасцю ад сумеснага ўдзелу ў гэтай вялікай урачыстасці і атрымалі асалоду ад піру веры, як сыны і дочкі Божыя і сябры Хрыстовы», — сказаў ён.

У сваім віншаванні Патрыярх Кірыл адзначыў, што і сёння мы імкнёмся зразумець, які сэнс падзеі, якая адбылася дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме, і якое дачыненне яна мае да нас і нашых сучаснікаў, паведамляе patriarchia.ru.

Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што ўся гісторыя чалавецтва да Раства Хрыстова па сутнасці ёсць гісторыяй пошукаў Бога, калі лепшыя розумы спрабавалі зразумець, хто ж з’яўляецца крыніцай той звышнатуральнай сілы, прысутнасць якой у жыцці так ці інакш адчувае кожны чалавек.

З гісторыі вядома, што многія людзі, спрабуючы здабыць праўду, памыляліся. Але ні прымітыўны страх чалавека перад грознымі з’явамі прыроды, ні абагаўленне прыродных стыхій, ідалаў, а часам і самога сябе, ні нават тыя нешматлікія прасвятленні, якія асвятлялі філосафаў-паганцаў, не прывялі людзей да сапраўднага Бога. І больш за 2000 гадоў таму назад Сам Госпад меў ласку сысці да людзей. Творца прыпадабняецца да твору, прымае прыроду чалавечую, перажывае прыніжэнне, памірае на крыжы і ўскрасае. Усё гэта пераўзыходзіць чалавечае разуменне і з’яўляецца цудам, які расчыняе паўнату Адкрыцця Бога людзям пра Сябе Самога, кажа Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

З нараджэннем Хрыста свет здабыў надзею, вечную безумоўную любоў і магчымасць праз веру ў Ісуса Хрыста прыходзіць да Бога Айца праз пакаянне. Такім чынам, Бог даў нам выратаванне праз веру, а не ад нашых добрых спраў. І сёння, паводле слоў іерарха, свята Божага Нараджэння нагадвае нам пра самае галоўнае: мы пакліканы навучыцца любіць Бога і служыць Яму, нашаму Збаўцу, Таму, Хто дараваў гэта выратаванне ўсім народам і на ўсе часы, Хто і цяпер працягвае Свае абдымкі да кожнага з нас.

І што ж трэба нам? Зусім трошкі: адказаць на дзеянне ратавальнай ласкі Божай сваім паслухмянствам, сваім даверам да слоў Госпада, сваім жаданнем выконваць Ягоныя запаветы. Калі мы засвоім гэтую вялікую ісціну, — кажа Патрыярх Кірыл, — то вельмі многае зменіцца не толькі ў нас саміх, але і вакол нас. Мы здолеем правільна расстаўляць каштоўнасныя прыярытэты, мы зможам мірна, спакойна і ўпэўнена ісці па наканаванай нам звыш дарозе жыцця, аддаючы хвалу і падзяку Богу. І быць хрысціянамі не па сацыялагічных толькі апытаннях, а па сваім глыбокіх перакананнях і па ладзе жыцця.

Таксама Патрыярх Кірыл сказаў, што ўся Царква і ён асабіста аддаюць малітву аб міры на ўкраінскай зямлі. Незалежна ад месца пражывання сваіх дзяцей, іх палітычных поглядаў ці пераваг, Руская Праваслаўная Царква выконвае тую адказную місію, якую на яе ўсклаў Сам Хрыстос. Яны робяць усё магчымае для таго, каб прымірыць людзей і дапамагчы ім пераадолець наступствы варожасці, адзначыў ён.

Патрыярх заклікаў кожнага хрысціяніна жыць па веры, таму што менавіта вернасць Богу ўтрымлівае людзей ад злых спраў і думак, вера натхняе на чыны і рупнасць у славу Божую і на карысць блізкіх.

Завяршаючы сваё віншаванне, Патрыярх Кірыл працытаваў месца з Новага Запавета: «А Бог усялякай мілаты, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысце Ісусе, Сам пасля нядоўгага цярпення вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі. Яму слава і ўлада на векі вечныя. Амін» (1 П. 5: 10-11).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі