Архіепіскап БАПЦ: ці можа імперыялізм мець нешта супольнае з Хрыстовым вучэннем?

Архіепіскап Навагрудcкі, першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў Логін павіншаваў праваслаўных вернікаў са святам Нараджэння Госпада Ісуса Хрыста. “Святкаванне гэтай гістарычнай падзеі штогод нагадвае нам пра Таямніцу прышэсця на зямлю Сына Божага, які нясе мір і добрую волю ў дамы і сэрцы людзей”, – адзначыў ён.

Пры гэтым, заявіў прадстаяцель БАПЦ, не заўсёды людзі стваралі зямныя законы ў згодзе з законамі Боскімі, паведамляе svaboda.org.

“Часта імперыі намагаліся знішчыць іншыя краіны, у тым ліку і Беларусь. І цяпер суседні брацкі ўкраінскі народ вядзе змаганне за сваю волю і незалежнасць з усходнім агрэсарам, які выдаваў сябе за брата, а сёння пагражае хрысціянскім еўрапейскім народам. Евангелле дае чалавеку разуменне таго, што ёсць ад Бога, а што — ад нячыстага, і гэтым вучыць нас, як нам думаць і паступаць у розных выпадках нашага зямнога жыцця. Ці могуць дзяржаўны імперыялізм і такі ж царкоўны «рускі свет» мець нешта супольнае з Хрыстовым вучэннем?” – задаецца пытаннем ён.

Сын Божы абвясціў, што ўсе людзі, як і ўсе народы, роўныя перад Богам і ёсць братамі, таму БАПЦ заўсёды моліцца за тое, каб “наш народ быў вольным сярод вольных і каб незалежная Беларусь была на роўных з іншымі дзяржавамі”, падкрэсліў першаіерарх БАПЦ.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі