Нацбанк прыняў меры па стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы

нацбанкНацбанк Беларусі для далейшай стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы і аднаўлення ўстойлівасці функцыянавання валютнага рынку краіны прыняў шэраг мер у галіне грашова-крэдытнай палітыкі. Аб гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе Нацбанка ад 8 студзеня.

З улікам абнулення з 8 студзеня падатку на біржавыя аперацыі па набыцці замежнай валюты (пастанова Саўміна ад 6 студзеня № 5) праўленне Нацбанка прыняло рашэнне аб адмене з 9 студзеня  камісійнага збору пры куплі замежнай валюты насельніцтвам.

Мера заклікана ўніфікаваць абменныя курсы куплі-продажу на розных сегментах валютнага рынку, у тым ліку ў абменных пунктах банкаў, і наблізіць іх да афіцыйнага курсу беларускага рубля, які па выніках таргоў на БВФБ  8 студзеня склаў 13 760 рублёў за 1 даляр, адзначылі ў Нацбанку .

З 9 студзеня Нацбанк аднаўляе выкарыстанне механізму прывязкі курсу рубля да кошыку замежных валют. Пры гэтым у структуры кошыка доля расійскага рубля павялічваецца да 40%, а долі еўра і долара зніжаюцца да 30% кожная.

Становяцца больш жорсткімі падыходы да выкарыстання золатавалютных рэзерваў для падтрымкі абменнага курсу. Валютныя інтэрвенцыі будуць праводзіцца толькі для згладжвання пікавых ваганняў кошту кошыка замежных валют у аб’ёмах, якія забяспечваюць станоўчае сальда куплі-продажу Нацбанкам замежнай валюты ў сярэднетэрміновым перыядзе.

Ваганні курсу рубля ў адносінах да кожнай з валют (долар, еўра і расійскі рубель) будуць складвацца як за кошт змянення кошту кошыка пад уплывам попыту і прапановы валюты ў час біржавых таргоў, так і за кошт узаемных зменаў крос-курсаў гэтых замежных валют, растлумачылі у Нацбанку. Пры гэтым змены абменнага курса могуць быць як у адну, так і ў іншы бок.

У Нацбанку лічаць, што ўвядзенне такога механізму курсаўтварэння дазволіць больш эфектыўна кіраваць курсам нацыянальнай валюты ў дачыненні замежных валют, якія маюць асноўнае значэнне для знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусi, і павысіць устойлівасць беларускай эканомікі да ўздзеяння знешніх фактараў.

Для падтрымання адноснай стабільнасці абменнага курсу рубля будуць задзейнічаны меры эканамічнай, бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі.

Таксама Нацбанкам прыняты шэраг рашэнняў у галіне працэнтнай палітыкі, якія скіраваныя на фарміраванне ў эканоміцы ўзроўню працэнтных ставак, якія забяспечваюць фінансавую і макраэканамічную стабільнасць, запаволенне інфляцыі, а таксама баланс інтарэсаў ўкладчыкаў і пазычальнікаў.

Так, з 9 студзеня стаўка рэфінансавання павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 25% гадавых. З 14 студзеня працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў зніжаюцца з 50 да 40% гадавых, стаўка па дэпазітах авернайт павышаецца да 20% гадавых.

Пры гэтым з 9 студзеня верхняя мяжа працэнтных ставак па дэпазітах юрыдычных асоб зніжаецца з 50 да 40% гадавых. Верхняя мяжа па рублёвых укладах фізічных асоб пакуль захоўваецца на ўзроўні 50%, але па меры далейшай стабілізацыі сітуацыі таксама будзе змяншацца, паведамілі ў Нацбанку.

У мэтах нівелявання негатыўных наступстваў зніжэння абменнага курсу на ліквіднасць банкаў зніжаецца нарматыў абавязковых рэзерваў, што дэпануюцца ў Нацбанку (рэзервовых патрабаванняў), ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце: у студзені – з 13 да 12,5%, у лютым – да 10%. Гэта дазволіць падтрымаць устойлівую працу банкаў ва ўмовах недахопу рублёвых сродкаў, які сфармаваўся ў снежні 2014 года.

У далейшым Нацбанк і ўрад працягнуць прымаць паслядоўныя меры па павышэнню макраэканамічнай збалансаванасці і ўмацаванню стабільнасці на фінансавым і валютным рынках рэспублікі, сказана ў прэс-рэлізе.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі