“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык чуе, як Божачка смяецца

Ксавэрык чуе, як Божачка смяецца

…КАЛІ ТЫ ТАК ДУМАЕШ, БОЖАЧКА

Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..

У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Маер-Скуманц вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач, і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…

Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.

Ксавэрык чуе, як Божачка смяецца

У Ксавэрыкавых бацькоў ёсць сябар вінаградар.

Ён і Ксавэрыкаў сябар.

Ён прыносіць яму з вінаградніку пустыя слімаковыя хаткі.

Ён паказвае яму ластаўчынае гняздо пад страхою вінаробні.

Пасля збору ўраджаю ён прыпасае для Ксавэрыка найлепшыя гронкі ў куточку халоднага склепу.

Найлепей прыходзіць да яго ў госці ў сярэдзіне кастрычніка.

Перад вінаробняй сохнуць на сонейку бочкі. Увесь панадворак перад склепам пахне жмыхамі, рэшткамі выціснутага вінаграду. У вос, што пралятаюць міма, круціцца ў галаве, яны п’яныя ад паху.

Вінаградар налівае даверху кубак салодкага вінаграднага соку і ставіць яго перад Ксавэрыкам. Для дарослых ён прыносіць са склепу бутэльку віна.

Ксавэрык чуе, як Божачка смяецца-вінаград3 балкончыку на пляскатым даху далёка відаць палі і сады. На бярозах ужо паказаліся жоўтыя лісточкі, дзікі вінаград убіраецца ў чырвань.

Добры дзянёк сёння, аж сэрца спявае, – кажа вінаградар і падміргвае Ксавэрыку. – Схадзі прагуляйся і ўсё паглядзі!”

Ён ведае, што Ксавэрык не любіць доўга заседжвацца з дарослымі.

Ксавэрык узбіраецца па дарозе на вінаграднік, міма садоў, дзе цвітуць астры. Жываплот з дзікага вінаграду зусім зарос лістотай. Ксавэрык спыняецца і разглядае чырвоныя лісточкі. Яны блішчаць на сонцы. Ён знаходзіць лісток, на якім ужо не засталося ніводнае зялёнае кропачкі. Ён зусім чырвоны. Ніколі яшчэ Ксавэрык не бачыў такіх прыгожых лістоў.

Божачка, ну і прыгожа!” – кажа ён. Як звонка гучыць ягоны голас сярод ціхага асінага гуду! Ксавэрык прыслухоўваецца да свайго голасу і смяецца ад здзіўлення.

Божачка…”, – сказаў ён зусім гучна, як бы нехта мог яго пачуць. Аднак ён стаіць адзін перад жываплотам, і няма нікога, хто б мог яго чуць.

Слухай…”, – кажа Ксавэрык яшчэ раз сярод цішы. “Слухай, Божачка. Такога прыгожага лісточка ты напэўна яшчэ ніколі не бачыў!”

У адказ ён чуе смех, недзе зусім блізка, але не відаць нікога, хто б смяяўся.

Ксавэрык затаіў дыханне. Ён прыслухоўваецца што ёсць сілы.

Тады ён пытаецца: “Гэта ты, Божачка?”

Я, а хто ж!”

Ты смяяўся

Я рады, што табе спадабаўся лісток”.

Ксавэрык чуе, як Божачка смяецца-жураўліКсавэрык задумаўся і кажа: “I я часам смяюся, калі некаму іншаму падабаецца штосьці, што я зрабіў. Напрыклад, папяровага жураўля. Я склаў яго з паперы для нашага сябра вінаградара. Каб суцешыць, бо ягоныя лебедзі адляцелі. Дык ён сказаў: “Ну што, вось да мяне зноў прыляцела птушка, дзякуй, якая прыгожая!” Тады і я смяяўся ад радасці…”

Ксавэрык слухае, ці яму Божачка яшчэ чаго не адкажа, але чуе толькі асінае зумканне. Ён ідзе назад у вінаробню.

Ну як, прыгожа?” – пытаецца вінаградар з балкончыку. Ксавэрык толькі ківае.

Ён чуе, як бацькі гавораць між сабою.

I раптам ён зразумеў, што ведае, як бы ён мог гэта апісаць. Калі нехта ў яго спытаецца, на што падобна, калі Бог смяецца, ён скажа: адначасна тоненька і густа. Як калі мама з татам смяюцца разам.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі