Беларуская глыбінка атрымала ад ЕС паўмільёна еўра на клубы

клубыВось ужо на працягу 18 гадоў аб’яднанне «Беларускі зялёны крыж» праводзіць работу сярод насельніцтва, пацярпелага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод яго ініцыятыў – праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё патэнцыялу сеткі сямейных клубаў у Чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі».

Паводле інфармацыі БелТА, на рэалізацыю гэтага праекта, разлічанага на 4 гады, Еўрасаюзам пералічана 452.500 эўра, што складае 90% бюджэту дадзенага праекта.

Сама ідэя сямейных клубаў у тым, каб на нефармальным узроўні аб’яднаць людзей з адзінымі інтарэсамі. У рамках гэтых аб’яднанняў утвараюцца групы аднадумцаў, якія так ці інакш прыкладаюць намаганні ў розных галінах, пачынаючы традыцыямі і культурай і заканчваючы сельскай гаспадаркай або экалогіяй. Выдаткаванне сродкаў Еўрасаюзам, вядома ж, кажа пра высокую ацэнку дзейнасці «Беларускага зялёнага крыжа», намаганнямі якога ўжо цяпер у некалькіх населеных пунктах Брагінскага раёна дзейнічаюць «Сельскія сямейныя экалагічныя клубы». Сем’і, чальцы клубаў, праводзяць сустрэчы, на якіх не толькі абмяркоўваюць тэорыю вядзення гаспадаркі ва ўмовах забруджанага навакольнага асяроддзя, але і плануюць і праводзяць канкрэтныя сумесныя мерапрыемствы.

На выдзеленыя Еўрасаюзам грошы ў вызначаным рэгіёне плануецца стварыць 8 клубаў, а таксама правесці 100 мерапрыемстваў. Паколькі дадзены рух не можа мець поспеху без ініцыятывы «знізу», то з радасцю можна канстатаваць, што традыцыйная аморфнасць рэгіёнаў сыходзіць у мінулае. Падобна на тое, што беларускія рэгіёны здолелі даказаць не толькі сваё жаданне палепшыць жыццё ўласнымі сіламі, але і на практыцы пацвярджаюць здольнасць зрабіць гэта. У адваротным выпадку вылучэнне амаль паўмільёна еўра ўяўлялася б малаверагодным.

Для ўзмацнення вынікаў дзейнасці сямейных клубаў прадстаўніцтва Еўрасаюза плануе прыцягваць да ўсіх мерапрыемстваў мясцовыя ўлады. Асаблівую ўвагу актывісты праекта абяцаюць звярнуць на найменш сацыяльна абароненых грамадзян.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі