“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык чысьціць курнік
Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..
У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…
Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.
Ксавэрык чысьціць курнік
“Ты б прыбраў у сваёй чырвонай скрыні, – кажа мама Ксавэрыку. – Яна ўжо проста не зачыняецца, столькі ў ёй усяго рознага навалена”.
“Добра, – кажа Ксавэрык. – Але спачатку я яшчэ зьбегаю на хвіліначку да пані Грамэльшнайдар”.
Пані Грамэльшнайдар жыве ў суседнім доме. Яна ўжо старэнькая й хворая. На панадворку за домам яна мае курнік з чорнабелым пеўнем і сям’ю бялюткімі курамі.
“Пані Грамэльшнайдар, – кажа Ксавэрык, – ці вам ня трэба зноў чысьціць курнік?”
“Ясна што трэба, – кажа пані Грамэльшнайдар. – Але адна я ўжо ня дам рады”.
“Я вам дапамагу”, – кажа Ксавэрык.
Ніколі яшчэ Ксавэрык ня бачыў такога бруднага курніка. Гноем залепленыя сьцены, седала й падлога. Салома патыхае гнільлю. Ксавэрык складае яе на тачку. Ён вывозіць цэлыя чатыры тачкі поўныя сьмярдзючай саломы. Тады ён сашкрабае саўком гной зь сьценаў і падлогі. Пані Грамэльшнайдар працірае акно й мые дзьверы. Усхваляваныя куры пырхаюць навокал, прыборка ў курніку для іх нязвыклая падзея. Чорнабелы певень раз-пораз дзяўбе Ксавэрыка ў ногі. Ксавэрык сапе й абліваецца потам, пані Грамэльшнайдар стогне й пацірае сьпіну. “Ну й работка!” – кажа яна.
“То ўжо праўда”, – адказвае Ксавэрык.
Нарэшце курнік зноў чысты. Куры ўзьбіраюцца на седала, чорнабелы певень касавурыцца налітымі крывёю вачыма на Ксавэрыкавы ногі. Ксавэрык разьвітваецца. Ён страшэнна брудны з галавы да ног, у змакрэлых валасах прыклеіліся белыя й чорна-белыя пёркі.
На вуліцы Ксавэрык сустракае бялявую Сабіну зь дзявятага дому.
“Прывітаньне, ну ты й выглядаеш!” – кажа Сабіна.
“Я вычысьціў Грамэльшнайдарын курнік!” – кажа Ксавэрык.
“Ого, – кажа Сабіна. – Адзін?”
“Амаль што адзін”, – кажа Ксавэрык.
Ён прыходзіць дадому. Мама, паглядзеўшы, хапае яго й цягне ў лазенку. Бязь лішніх пытаньняў яна садзіць Ксавэрыка ў купальню.
“Толькі не валасы! – крычыць Ксавэрык. – Хай пёркі застануцца!”
Але мама мые й валасы.
“Ведаеш, – кажа Ксавэрык, – я мусіў ёй дапамагчы. Было страшэнна цяжка. Цэлы курнік… Я страшна стаміўся. Чырвоная скрынка хай ужо застанецца на заўтра”.
У ложку Ксавэрык кажа Божачку: “Ты тут?” Тады ён змаўкае й сядзіць ціха-ціха, каб пачуць, што яму адкажа Божачка.
“Так, – кажа Божачка. – Я тут”.
“Мая чырвоная скрыначка… – кажа Ксавэрык. – Мне трэба ў ёй прыбраць. Разабраць шкляныя шарыкі, усе, якія мае й якія я пазычаў. А адзін прыгожы, вялікі я паабяцаў Францыку, каб ён даў мне паезьдзіць на сваім ровары. I пачаты малюнак для цёткі Рэнаты таксама недзе ў скрынцы, на ім гняздо з птушанятамі, яна замовіла на свой дзень нараджэньня. Дзень нараджэньня ўжо прамінуў, а цётка Рэната ўсё яшчэ хоча той малюнак! I ліст ад Софі там, са сьмешным канцом: ЗАЎСЁДЫ ТВОЙ, а я ня ведаю, што мне напісаць у адказ… I яшчэ шмат рознага хлуду й паламаных рэчаў – хто ведае, што там яшчэ пазнаходзіцца, калі пачаць прыбіраць!”
“Цяжкая праца, – кажа Божачка. – Але ж цяпер ты склаў дакладны сьпіс усяго, што ты мусіш зрабіць”.
“Чысьціць курнік у сто разоў весялей”, – кажа Ксавэрык.
“Ведаю, ведаю, – кажа Божачка. – А цяпер сьпі”.
Падрыхтавала Вольга Севярынец
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)