У Брэсце журналістку асудзілі за інтэрв’ю з хрысціянскім актывістам

судСуд Ленінскага раёна горада Брэста 12 студзеня аштрафаваў журналістку Аліну Літвінчук на 30 базавых велічынь за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі (арт. 22.9 КаАП). У прыватнасці, яе прызналі вінаватай у перадачы інфармацыі аб дзейнасці Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA).

Сведкам па справе выступаў чалец Рады арганізацыі (да 2015 года — кіраўнік Рады) па Брэсцкай вобласці Аляксандр Драчук. У верасні 2014 года ён распавёў журналістцы аб падрыхтоўцы YMCA мультыплікатараў, якія б працавалі з падлеткамі па тэме шкоды спайсу. У сувязі са з’яўленнем матэрыялаў гутаркі на сайце польскай радыёстанцыі «Радыё Рацыя» Аляксандра Драчука двойчы выклікалі ў кампетэнтныя органы і некалькі разоў у міліцыю, паведамляе ucpb.org.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі, актывісткай якой з’яўляецца Аліна Літвінчук, працэс лічаць «палітычнай замовай». Пры гэтым у АГП адзначаюць, што Аляксандр Драчук спачатку па справе праходзіў як кіраўнік Рады YMCA па Брэсцкай вобласці. Справаводства было зацягнута і адноўлена толькі пасля правядзення справаздачна-выбарнай канферэнцыі аб’яднання, пасля якой Аляксандр Драчук перастаў быць кіраўніком. «Не выключана, што ў названых ім «кампетэнтных органах» на яго быў аказаны ціск», — заяўляе лідар Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Дзіяна Касцюковіч.

На думку Аліны Літвінчук, на судзе была парушаная Канстытуцыя Беларусі, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права на бесперашкодны збор і распаўсюд інфармацыі. Актывістка мае намер абскардзіць пастанову суда.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі