“Крынічка”. Зімовым вечарам – Гульні на біблійныя тэмы

igry_dlja_vsej_semi

Дарагія сябры!

Працягваем бавіць зімовыя вечары разам. Сёння мы прапаноўваем вам звярнуцца да Кнігі Кніг.

Добрай сямейнай традыцыяй з’яўляецца сумеснае чытанне Бібліі, а для таго, каб лепш яе вывучыць і пашырыць свае веды, ёсць спецыяльныя біблійныя гульні. Дзеткам такая форма найбольш даступная, і іх лёгка атрымаецца зацікавіць, а для дарослых гэта добрая магчымасць спраўдзіць свае ўласныя веды.

1. Асацыяцыі. Хтосьці адзін выходзіць, а іншыя чальцы сям’і загадваюць якое-небудзь слова ці паняцце з Бібліі, напрыклад, Бэтлеемская зорка. Вядоўца вяртаецца і пачынае кожнаму па чарзе задаваць пытанні, на якія можна адказаць толькі “так” ці “не”. Напрыклад: гэта жывое? гэта драўлянае? гэта можна з’есці? мы можам гэта зараз бачыць? Калі вядучы адгадвае слова, выходзіць той, каму было зададзена апошняе пытанне.

2. Біблійныя карцінкі. Для гэтай гульні робяцца картачкі, на адным баку якіх напісана слова на біблійную тэму, а на другім – колькасць балаў за гэта слова. Вядоўца павінен выбраць сабе картачку і з дапамогай адных толькі рухаў (гаварыць нельга) паказаць напісанае слова. Той, хто адгадвае, атрымлівае свае балы і становіцца вядоўцам. Калі гуляюць маленькія дзеткі, то можна не паказваць слова, а маляваць яго. Словы для прыкладу: каўчэг, вясёлка, патоп, рай, дрэва пазнання.

3. Адно слова. Загадваецца біблійны герой. Хтосьці, хто не чуў, каго загадалі, павінен яго адгадаць, а астатнія яму дапамагаюць: па чарзе гавораць адно слова, якое звязана з гэтым героем. Напрыклад, “Габрыэль” – Марыя, неба, навіна і т. д.

4. Біблійная віктарына. Да гэтай гульні трэба рыхтавацца, але затое яна шматразовая. Напачатку выбіраем катэгорыі, напрыклад, “Біблійныя імёны”, “Гарады”, “Падзеі”, “Жывёлы” і г. д. Пасля прыдумваем пытанні па гэтых катэгорыях (можна знайсці гатовыя ў інтэрнэце) і друкуем іх на картачках. У залежнасці ад складанасці пытання ставім на другім баку карткі бал. У гэтую гульню лепш гуляць па камандах – можна зладзіць цэлыя міжсямейныя сезоны. Правілы наступныя: кожная каманда па чарзе выбірае пытанне любой цяжкасці з любой катэгорыі – “Гарады, 2”, “Жывёлы, 4”, “Імёны, 1”. Калі ёсць адказ, то бал залічваецца, калі не, то на гэта пытанне можа паспрабаваць адказаць другая каманда. Перамагае той, у каго больш балаў. (Спадзяемся, што хутка “Біблійная віктарына” з’явіцца ў выглядзе гатовай настолкі :)

5. Біблійны слоўнік. Выбіраецца любая літара алфавіта (акрамя й, ы, ь, ё). Гульцы па чарзе называюць словы з Пісання, якія пачынаюцца на гэтую літару. Словы павінны быць дастаткова вядомыя, каб іх існаванне было няспрэчным, альбо трэба мець пад рукой біблійную Сімфонію. Хто назаве найбольш слоў, той і перамог.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі