Гуляка: ксяндзы займаюцца ў Беларусі палітыкай

ксёндз-300x171Некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай, заявіў 22 студзеня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка на пасяджэнні па выніках працы дзяржорганаў па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў ў 2014 годзе і задачам на 2015 год. «Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва. У такіх выпадках мы не ўзгадняем падаўжэнне іх знаходжання ў нашай краіне», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што ў Беларусі служаць больш за 430 святароў, з якіх 113 — замежнікі, у асноўным з Польшчы. Пры гэтым у Гродзенскай семінарыі навучаюцца толькі 27 чалавек, у Пінскай — 19. «Прыём ў 2014 годзе склаў 2 і 3 чалавекі адпаведна. Складваецца ўражанне, што кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў «, — заявіў адказны за рэлігію чыноўнік, перадае БелТА.

Леанід Гуляка заявіў, што ў 2014 годзе некаторыя ксяндзы, служэнне якіх у Беларусі было ўзгоднена, не заехалі ў краіну ў прызначаныя тэрміны і не прайшлі рэгістрацыю ў органах унутраных спраў у якасці святароў, а некаторыя асноўны свой час праводзяць за мяжой. Таксама упаўнаважаны абвінаваціў святароў у правядзенні набажэнстваў па-за тых рэгіёнаў, дзе ім замежным ксяндзам было дазволена гэта рабіць. Адзначыў ён і тое, што не заўсёды ксяндзы-замежнікі ў поўным аб’ёме валодаюць беларускай ці рускай мовай.

Акрамя таго, чыноўнік заявіў аб адміністрацыйных правапарушэннях з боку польскіх ксяндзоў, у тым ліку і п’янстве за рулём.

Таксама ён раскрытыкаваў Каталіцкі Касцёл за няправільную, паводле яго слоў, спробу стварэння тэалагічнай акадэміі. «Дзяржава за адкрыццё. Але, калі ўносяць дакументы, дзе сказана, што збіраюцца адкрыць акадэмію на 50 квадратных метраў у складзе курыі, то прабачце. Гэта ўжо нават не смешна. Уявіце вышэйшую духоўнае навучальную ўстанову на 50 квадратных метраў. Я ўжо не кажу, што паводле статуту студэнты, якія навучаюцца ў гэтай акадэміі, абавязаны жыць у гэтым жа будынку», — працягнуў прадстаўнік улады.

Леанід Гуляка адзначыў парушэнні з боку святароў-замежнікаў і ў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Так, у Гомельскай вобласці без ўзгаднення служаць святары з Украіны. Яны маюць віды на жыхарства ў Беларусі. Аднак такі дакумент не дае права на служэнне, бо трэба запрашэнне ад упаўнаважанага для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі