“Крынічка”. Нядзельная школка – Ісус Хрыстос

rozhdestvenskie-raskraski_03Вітаем Вас, нашы маленькія сябры і іх бацькі!

Калі ў мінулы раз мы з вамі размаўлялі пра Бога, то казалі, што аднойчы, вельмі-вельмі даўно, Ён з’явіўся на зямлі ў вобразе чалавека. Як жа так сталася, вы даведаецеся зараз!

Пачну з пытання: які зараз год?

Я ведаю, што вы ўжо даволі разумныя хлопчыкі і дзяўчынкі і ведаеце, што зараз 2015 год. А ці думалі вы чаму менавіта 2015, а не 5555? Калі людзі пачалі лічыць? Што іх падштурхнула?

Гэты адлік пачаўся з моманту нараджэння Ісуса Хрыста! Яго прыход на зямлю прынёс столькі радасці, што людзі пачалі адлік год ад Яго дня народзінаў. І сёння мы маем 2015 год ад Нараджэння Хрыста.

Наша гісторыя працягласцю ў 2015 год пачалася ў далёкай краіне пад назвай Ізраэль.

Была цёмная ноч, навокал было ціха і ў небе зіхацелі зоркі. Усе людзі спалі, толькі адна сям’я не спала ў гэтую ноч – муж і жонка – Іосіф і Марыя. Іх сэрцы былі поўныя шчасця і радасці, бо ў іх нарадзіўся Сын. Яго назвалі Ісус.

Ён нарадзіўся не ва ўтульным доме, а ў хляве сярод кароў і авечак. У Яго не было прыгожай калыскі, і маці паклала Яго ў яслі. Яслі – гэта кармушка куды кладуць сена для жывёлы. Уявіце сабе як нязручна было Маленькаму Хлопчыку ляжаць проста на сене.

Але нягледзячы на гэта, нягледзячы на беднасць Іосіф, Марыя і Ісус былі самымі шчаслівымі на свеце.

У небе над імі лёталі анёлы і спявалі песні ў гонар Немаўляткі. Бо нарадзіўся Божы Сын – Ісус Хрыстос, Які ўратуе людзей ад няшчасця, болю, зла і слёз.

Гэта радасная навіна разляцелася па ўсім свеце і прыйшла таксама да нас!

Ісус Хрыстос у свой час зрабіў шмат цудаў: вучыў людзей і дапамагаў ім, а самае галоўнае: даў усім нам веру і надзею на лепшае.

Аб тым, як выглядала жыццё Маленькага Ісуса далей, паразмаўляем у наступную нядзелю.

Добрага тыдня і памятайце, што заўсёды ёсць Той, Хто нас моцна любіць. Для гэтага трэба проста заплюшчыць вочы і паслухаць сваё сэрца – Госпад увесь час жыве ў ім.

З Богам!

Падрыхтавала Таццяна Жаўняровіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі