Святары розных канфесій Беларусі маліліся за еднасць хрысціянаў (фотарэпартаж)
У мінскім архікатэдральным касцёле 24 студзеня ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян прайшло экуменічнае набажэнства прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. Сустрэчу ўзначаліў каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У ёй удзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіярэй Аляксандр Шымбалёў, намеснік біскупа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Аляксандр Лотараў, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, дырэктар Біблійнага таварыства Ігар Міхайлаў.
План набажэнства быў распрацаваны хрысціянамі Бразіліі і засноўваўся на біблійным сюжэце пра сустрэчу Ісуса Хрыста з жанчынай ля студні патрыярха Якуба ў Самарыі. Ключавымі словамі для разважання былі словы Хрыста “Дай Мне піць” (Ян 4, 7). Пачалося набажэнства працэсіяй, падчас якой кожны з запрошаных гасцей нёс кубак з вадою, уліваючы яе ў адмысловую драўляную пасудзіну, што сімвалізавала студню з Самарыі.
Запрошаныя ўдзельнікі набажэнства выступілі з прамовамі на тэму еднасці хрысціянаў. Так, протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў, што праз словы “Дай мне піць!” Бог заклікае людзей ісці да Яго, прысвячаючы Яму сваё жыццё. Ён падкрэсліў, што чалавек можа засохнуць, калі не будзе падтрымліваць сувязі з Богам, найперш праз малітву.
У сваю чаргу пастар Уладзімір Татарнікаў заявіў, што экуменізм не павінен існаваць на паперы, што ён патрабуе камунікацыі, малітвы, сведчання і служэння бліжняму. Разам з тым, дадаў ён, ніхто не павінен прыносіць сваю ідэнтычнасць у ахвяру, прызнаючы і за іншымі права на існаванне. “Таму, хто яскрава ўсведамляе сваю ідэнтычнасць, прасцей прыняць ідэнтычнасць іншага”, – мяркуе пастыр.
Дырэктар Біблійнага таварыства Ігар Міхайлаў звярнуў увагу ўдзельнікаў набажэнства на сэнс біблійнага расповеду, распавёўшы пра міжканфесійны падзел паміж юдэямі і самаранамі і тое, што значыла для Хрыста распачаць размову з жанчынай, якая мела кепскую рэпутацыю і была да таго ж самаранкай, бо прылюдная размова з жанчынамі магла сапсаваць усю рэпутацыю юдэйскіх равінаў таго часу.
Намеснік біскупа Саюза ЕХБ Аляксандр Лотараў падкрэсліў, што ў часы канфліктаў як на ўзроўні сем’яў, гэта і цэлых краінаў адзінства з’яўляецца самым жаданым дарам. Паводле яго, хрысціяне павінны паказаць прыклад грамадству, якое не ведае Жывога Бога, як Ён вучыць сваю Царкву еднасці, праз вобраз адзінага Цела, адзінай Царквы і сям’і. Пастар таксама распавёў, як падчас лекавання ад раку ў анкалагічным цэнтры ў адной палаце з ім былі хрысціяне розных канфесій. Кожны дзень яны ўсе разам маліліся і чыталі Біблію, што дапамагала ў надзеі і веры перажываць хваробу.
Архімандрыт Сяргей Гаек адзначыў, што вада, якая падчас набажэнства сімвалізавала еднасць хрысціянаў, з’яўляецца таксама сімвалам хросту, які дае магчымасць плённа прыняць Слова Божае і жыць у Святым Духу. Ён таксама звярнуў увагу на прыклад святых Кірыла і Мятода, Францішка Скарыну і ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, якія праз свае пераклады Бібліі стараліся наблізіць да кожнага Божае Слова.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што сакрамэнт Хросту робіць усіх адзінымі ў Хрысце. Ён заклікаў да сумеснага змагання супраць выклікаў сучаснага свету, якія могуць зняважыць хрысціянскія каштоўнасці.
Набажэнства скончылася знакам супакою, які перадавалі адзін аднаму ўсе прысутныя.
Фота Надзеі Гацак
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Расійскі мітрапаліт заклікаў спыніць кровапраліццё на ўкраінскай зямлі пасля абстрэлу РФ 06.07.2022 09:25
- У Брэсце прайшоў маштабны крыжовы шлях 05.07.2022 19:50
- У Жыровічах асвяцілі самы вялікі ў Беларусі звон 05.07.2022 15:21
- Новы апостальскі ліст Папы: хопіць палемікі вакол літургіі 04.07.2022 14:33
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж 04.07.2022 10:22
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)