Віцебскі святар правёў у Друі рэкалекцыі для каталіцкай моладзі

natasaЗаконныя сёстры-Эўхарысткі з невялічкага кляштара, што дзейнічае на тэрыторыі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, з 23 па 25 студзеня правялі рэкалекцыі для каталіцкай моладзі. Духоўныя сустрэчы адбыліся пад дэвізам “Любоўю палымнець”, паведамляе карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

З ініцыятывы сясцёр-Эўхарыстак у якасці ксяндза-рэкалекцыяніста выступіў айцец Сяргей Мацюшонак OFMCap з Віцебска. Настаяцельніца мясцовага кляштара сястра Наталля Арлянкевіч SJE падрыхтавала адмысловую праграму – супольную малітву, канферэнцыі-развагі над дэвізам рэкалекцый, наведванне дома састарэлых, дыскатэку ў размешчаным у Друі дзіцячым доме.

Да правядзення рэкалекцыяў далучыліся друйскія парафіяне, якія дапамаглі арганізаваць начаванне моладзі, запрасіўшы яе ў свае хаты. Усяго на рэкалекцыі ў Друю прыехалі 50 чалавек з розных парафіяў Віцебскай дыяцэзіі.

Духоўная кульмінацыяй рэкалекцыяў сталася нядзельная гамілія ў часе Святой Імшы, прамоўленая ксяндзом-рэкалекцыяністам. Звяртаючыся да моладзі, кс. Сяргей Мацюшонак зрабіў грунтоўны экскурс у слаўную мінуўшчы Друі, падкрэсліўшы гістарычную ролю яе колішняга і цяперашняга каталіцкага асяродку ў справе беларускага нацыянальнага і духоўнага адраджэння. Апавёўшы моладзі пра шматлікія пачынанні ксяндза настаяцеля касцёла Найсвяцейшай Тройцы Сяргея Сурыновіча, кс. Мацюшонак заклікаў моладзь і надалей не губляць цікавасці да Друі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі