Эксперт: прычын для ўзнікнення канфліктаў на рэлігійнай глебе ў Беларусі няма

taras-anatoli

Па дадзеных даследавання цэнтра сацыялагічных апытанняў Гэлапа (Gallup), толькі 27% грамадзян Беларусі прызналі, што рэлігія адыгрывае важную ролю ў іх паўсядзённым жыцці, нягледзячы на тое, што 59% лічаць сябе «вернікамі». Па гэтым паказчыку Беларусь уваходзіць у лік 11 найменш рэлігійных краін свету, адзначае прафесар Анатоль Тарас, навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культур.

Тая частка насельніцтва, якая лічыць сябе набожнай, падзяляецца наступным чынам: праваслаўныя (Беларускі экзархат РПЦ), прыкладна 78,5%, каталікі – 14,5%, пратэстанты (пяцідзесятнікі, баптысты, адвентысты 7-га дня, лютэране, сведкі Іеговы і інш.) – да 5,8%, уніяты і стараверы прыкладна 0,5%, прыхільнікі ўсходніх рэлігій (мусульмане, крышнаіты, бахаісты) – да 0,4%. Габрэяў у нас усяго 13 тыс., і многія з іх атэісты, паведамляе bsblog.info.

Але рэгулярна наведваюць набажэнствы толькі 18% праваслаўных, 50% каталікоў, каля 80% пратэстантаў.

Анатоль Тарас адзначае, што хрысціяне складаюць каля 99% веруючай часткі насельніцтва, аднак яны падзеленыя на тры асноўныя канфесіі: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, а большасць «вернікаў» адрозніваецца нізкай царкоўнай актыўнасцю.

Больш за тое, значная частка праваслаўных у Беларусі, асабліва на вёсцы, захоўвае прыхільнасць так званаму «народнаму хрысціянству», якое пры знешняй хрысціянска-праваслаўнай форме захавала паганскую сутнасць, упэўнены прафесар.

Мусульман у Беларусі не больш за 22 тыс. чалавек.

“Такім чынам, можна з упэўненасцю заявіць, што сур’ёзных унутраных прычын для ўзнікнення канфліктаў на рэлігійнай глебе ў нас няма. Беларусы традыцыйна мала рэлігійныя і менш за ўсё схільныя да царкоўнага фанатызму. Смею думаць, што нават спробы правакацый з-за межаў краіны такога роду канфліктаў асуджаныя на правал”, – перакананы вучоны.

Галоўнае, на што варта звярнуць увагу ўсім галінам улады, лічыць прафесар, дык гэта на супрацьдзеянне росту колькасці мусульман сярод той часткі насельніцтва, якая адносіцца да катэгорыі «іншых». Нельга паўтарыць памылку шэрагу краін Еўропы, якія стварылі ў сябе праблему ісламскага экстрэмізму, што называецца, «ўласнымі рукамі», адзначае ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі