Макей – Гуджэроцці: дзейнасць Ватыкана ў дачыненні да Беларусі вельмі канструктыўная

makei_nuncio

30 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся ў МЗС з Апостальскім Нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Як паведамілі ў МЗС, сустрэча была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку.

Апостальскі Нунцый выказаў заклапочанасць у сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступаў, якія тычацца Рымска-каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Ён акцэнтаваў увагу на той велізарнай рабоце, якую праводзіць Рымска-каталіцкая Царква ў Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці.

Уладзімір Макей адзначыў зацікаўленасць Беларусі менавіта ў нацыянальных кадрах каталіцкіх святароў і вітаў тое, што прыкметна зніжаецца колькасць замежнікаў сярод каталіцкіх святароў, і тое, што Папам Рымскім у канцы 2013 года былі прызначаны тры новыя біскупы беларускага паходжання.

Міністр паведаміў пра высокую ацэнку кіраўніком беларускай дзяржавы дзейнасці Папы Францішка па барацьбе з беднасцю і паўсюдным прасоўванні міру і стабільнасці.

Кіраўнік МЗС пацвердзіў, што пазіцыя ўрада Беларусі па забеспячэнні раўнапраўя ўсіх прысутных у краіне традыцыйных рэлігійных канфесій нязменная. Паводле яго слоў, на працягу стагоддзяў зямля Беларусі з’яўляецца домам для мірнага існавання і ўзаемадзеяння каталіцызму і праваслаўя. Беларускія ўлады выступаюць за мір і спакой у краіне і высока ацэньваюць падтрымку Святым Пасадам рэлігійнай згоды ў беларускім грамадстве.

Пазіцыя і практычная дзейнасць Ватыкана ў дачыненні да Беларусі з’яўляецца «вельмі канструктыўнай і збалансаванай», падкрэсліў Уладзімір Макей. Каталіцкая Царква адыгрывае важную ролю ў выхаванні патрыятызму і падтрымцы культуры ў краіне.

На сустрэчы разгледжаны пытанні па рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы аб стварэнні ў Мінску каталіцкай духоўнай акадэміі.

Уладзімір Макей запэўніў, што МЗС гатовы даць пляцоўку для абмеркавання магчымых пытанняў з усімі зацікаўленымі бакамі для іх ўрэгулявання ў духу ўзаемапавагі і канструктыўнага супрацоўніцтва.

Быў таксама абмеркаваны шэраг запланаваных на гэты год беларуска-ватыканскіх мерапрыемстваў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі