Пасол Польшчы патрабуе ад Гулякі фактаў пра ксяндзоў-парушальнікаў

шарэпкаАмбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку нічога не вядома пра факты нібыта здзяйснення каталіцкімі святарамі з Польшчы правапарушэнняў на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў 5 лютага на брыфінгу ў Гомелі. «Я чакаю ад спадара Гулякі інфармацыі – пра якіх канкрэтна ксяндзоў ён казаў у сваім выступе», – сказаў ён.

Пры гэтым дыпламат адзначыў, што і ў Беларусі, і ў Польшчы «Царква – гэта трошкі асобная дзяржава». «І мы не прымаем ніякага ўдзелу тут, гэтым займаецца нунцый Ватыкана і кіраўніцтва вашай Каталіцкай Царквы», – дадаў пасол, перадае БелаПАН.

Як паведамляла КРЫНІЦА.INFO, Леанід Гуляка 22 студзеня заявіў, што некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай, а кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня заявіў, што не вельмі задаволены службай некаторых польскіх святароў.

Беларускія каталікі, абураныя заявамі Леаніда Гулякі, пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны аб тым, што крытыка без фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае вернікаў, іх пастыраў і іх рэлігійныя пачуцці.

Каталіцкія Біскупы Беларусі 30 студзеня назвалі абвінавачванні «неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці».

30 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся ў МЗС з Апостальскім Нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Як паведамілі ў МЗС, сустрэча была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі