У Полацку прадставілі палотны, натхнёныя прозай Быкава

MINOLTA DIGITAL CAMERAУ Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава мастацкіх твораў, створаных у часе леташняга плэнэра, прысвечанага Васілю Быкаву, якую наведаў карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

“Доўгая дарога дадому” – называецца выстава, на афішы якой стаіць імя Васіля Быкава, пісьменніка, стаўленне да ўзгадкаў пра якога дзяржаўнай улады дагэтуль застаецца напружана-баязлівым. Таму з’яўленне на афішы Цэнтра імя класіка літаратуры пра вайну сталася падзеяй не толькі для гарадскіх мастакоў, але й для людзей, натуральнай мовай якіх з’яўяецца беларуская. Пэўны час таму пляцоўка Цэнтра была ў Полацку культавай, тут двойчы на месяц праводзіліся вечарыны і сустрэчы з мінскімі літаратарамі і музыкамі з калі не “чорных”, дык “шэрых” спісаў. Апошнім у чарзе “зоркавых” імёнаў стаў Зміцер Вайцюшкевіч – апошнім, бо выступ спявака не адбыўся, а былая дарэктарка Цэнтра страціла пасаду.

MINOLTA DIGITAL CAMERAІ вось у якасці пэўнага прарыву блакады ў горад прыехалі працы мастакоў, якія гуртуюцца вакол Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, створанага настаўніцай з  Германавічаў, што пад Браславам, Адай Райчонак, – славутай Адай Райчонак, якую ведаюць практычна ўсе, хто прыйшоў у беларускае Адраджэнне на мяжы 90-ых.

Зусім нядаўна Ада Райчонак была ўганараваная прэміяй імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Некалі, пачынаючы працу Культурна-асветніцкага цэнтра, спадарыня Ада ставіла за мэту папулярызацыю імя земляка, Язэпа Драздовіча. Цяпер штогадовыя плэнэры і шматлікія зладжаныя ёй акцыі абіраюць сымболем імёны, асабліва значныя і выбітныя ў нацыянальнай ментальнай тэкстуры.

Другім суарганізатарам выставы выступіла віцебская філія Саюза беларускіх мастакоў, ад імя якой пра мінулыя і цяперашнія плэнэры апавяла мастачка Святлана Баранкоўская.

MINOLTA DIGITAL CAMERAПлэнэр, у часе якога былі створаныя працы, праходзіў пад Бычкамі, роднай вёскай Васіля Быкава, у штодзённым кантактаванні з яго сваякамі, у тым ліку жонкай брата, якая сталася прататыпам гераіні рамана “Знак бяды”. На выставе прадстаўленыя працы Аляксея Літвіна, Кацярыны Маркевіч (яе пэнзлю належыць прадстаўлены ў экспазіцыя партрэт Ады Райчонак, якая сама прыехаць на адкрыццё не змагла), Валерыя Шчаснага, Уладзіміра Рынкевіча, Інгі Карашкевіч, Віктара Шылко, Аляксандра Саўчанкі, Алены Гушчонак, Віктара Данілава, Паліны Амікханавай, Віктара Крука. Асаблівае месца заняў трыпціх нядаўна памерлага мастака з Полацка Анатоля Ізаіткі, які не паспеў паўдзельнічаць у “быкаўскім” плэнэры, але раней заўжды далучаўся да мастацкіх акцыяў Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Пэўны час таму майстрам была створаная кампазіцыя з трох палотнаў на тэму твораў Васіля Быкава – “Сотнікаў, “Знак бяды” і “Нельга забыць”. Таксама было прадстаўленае палатно Алеся Марачкіна – сябра і паплечніка творчай плыні спадчыннікаў Язэпа Драздовіча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі