“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык і песьня радасьці
Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..
У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…
Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.
Ксавэрык і песьня радасьці
На Каляднай імшы Ксавэрык пачуў песьню, пра якую ён яшчэ не адзін дзень мусіць падумаць. Ён і ня ўсё зразумеў, пра што там сьпяваў хор, але прынамсі гэта запомніў: Неба мусіць весяліцца й зямля радавацца, калі прыходзіць Госпад. Мора мусіць шумець ад радасьці, і ўсё, што ў моры плавае й жыве. Дрэвы ў лесе мусяць радавацца, калі прыходзіць Госпад…
“Але ж ты ўжо тут”, – кажа Ксавэрык Божачку. I маўчыць, каб пачуць, што яму адкажа Божачка.
“Так, – кажа Божачка. – Я тут”.
“I што, яны радуюцца?” – пытаецца Ксавэрык.
“Радуюцца”, – кажа Божачка.
“Я ніколі яшчэ ня чуў, як дрэва радуецца, – кажа Ксавэрык. – Можа ў мяне вушы не такія добрыя…”
“Вушы ў цябе добрыя, – кажа Божачка. – А апрача вушэй я даў табе яшчэ вочы, і нос, і кончыкі пальцаў, і ўвогуле вельмі шмат скуры. Ты мусіш усім гэтым карыстацца”.
“Добра, калі ты так думаеш, – кажа Ксаверык. – Дык я зараз жа пайду і ўсё абслухаю да рэшты”.
Ён тупае па вуліцы, абыходзіць рынкавы пляц і вяртаецца ў сад. Ён настаўляе вушы, паднімае нос высока ў паветра, шырока расплюшчвае вочы, каб не прапусьціць нічога зь вялікае радасьці.
I сапраўды:
Цёмная хмара ў небе радуецца сьветлым краем.
Пякарня радуецца цёплым дымам і пахам сьвежасьпечанага хлеба.
Такса перад супэрмаркетам радуецца сваім хвастом.
Столькі гатункаў радасьці.
А каштан у садзе зь цьвёрдымі чырвона-рудымі пупышкамі – ён таксама радуецца?
Ксавэрык здымае пальчаткі й прыкладае рукі да камля. Ён прыціскаецца тварам да чорнае кары. Ксавэрык чакае. Ён чуе сваё дыханьне, і гэта вельмі прыгожа. Удых, выдах, удых, выдах, халоднае паветра ўваходзіць праз нос, цёплае паветра выходзіць з рота. Цёплае паветра робіцца аблачынкамі. Яны на імгненьне павісаюць перад Ксавэрыкавым тварам, а пасьля паднімаюцца ўздоўж камля ўгору. Ксаверык цешыцца. Ён думае: Я радуюся маім дыханьнем.
Ён адчувае дрэва на сваёй цёплай скуры. “Прывітаньне, дрэва, – кажа Ксавэрык, – думаю, што ты радуесься разам са мною”.
Падрыхтавала Вольга Севярынец
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)