Рэлігіязнаўца: чыноўнікам трэба з павагай ставіцца да вернікаў

31

Рэзкія выказванні  22 студзеня Леаніда Гулякі, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі, былі даволі нечаканымі, мяркуе рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка.

«У апошнія гады ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі ідуць у рэчышчы ўзаемнай павагі, талерантнасці, міжканфесійнага дыялогу. Не думаю, што гэта тыя выказванні, якія займаюць асноўнае месца ў стаўленні дзяржавы да Каталіцкага Касцёла. Але яны прагучалі, і безумоўна вернікі нейкім чынам павінны былі на гэта адрэагаваць. Чыноўнікам трэба з большай павагай ставіцца не толькі да вернікаў, але і да ўсіх жыхароў Беларусі, . Чыноўнікі павінны сачыць за сваімі словамі і ўлічваць рэакцыю людзей, калі яны робяць нейкія заявы. І ў дадзеным выпадку, некаторыя элементы непавагі ў гэтых выказваннях ёсць», – адзначыў ён, паведамляе  be.radiovaticana.va.

Рэлігіязнаўца тлумачыць, што ў пачатку 1990-х, калі пачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі, сюды прыехалі святары з Польшчы, бо сваіх беларускіх не было. Палякі-каталікі дапамагалі наладжваць тут жыццё. Яны зрабілі шмат не толькі для католікаў, але наогул для мясцовых людзей. Яны займаліся дабрачыннасцю. У Гомелі значны ўнёсак для беларусаў зрабілі сёстры Маці Тэрэзы – яны працавалі з найбольш беднымі людзьмі, шматдзетнымі сем’ямі.

Віктар Адзіночанка адзначыў, што могуць быць і некаторыя недахопы ў працы польскіх святароў у Беларусі, але аб гэтым нельга казаць ў такім тоне і ў такім кантэксце, як гэта зрабіў Леанід Гуляка:

«Такія пытанні павінны вырашацца ў рабочым парадку. Калі б Гуляка звярнуўся да біскупа і сказаў: той ці іншы святар робіць нешта не так, такой рэакцыі не было б, і не было б уражання, што адносна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вядзецца беспадстаўная крытыка».

Кандыдат філасофскіх навук падкрэсліў, што чыноўнікам і грамадству варта пазбавіцца ад схемы «Праваслаўная Царква — гэта рускія, а Каталіцкая — палякі, што гэта нейкі польскі інстытут». Бо большасць католікаў у Беларусі – гэта па нацыянальнасці беларусы. А святарам, што прыехалі з Польшчы, трэба сказаць «дзякуй» за іх самаадданую дзейнасць у даволі цяжкіх умовах у параўнанні з Польшчай.

Як паведамляла КРЫНІЦА.INFO, Леанід Гуляка 22 студзеня заявіў, што некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай, а кіраўніцтва Рымска-каталіцкай царквы не зацікаўлена ў падрыхтоўцы сваіх кадраў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня заявіў, што не вельмі задаволены службай некаторых польскіх святароў.

Беларускія каталікі, абураныя заявамі Леаніда Гулякі, пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны аб тым, што крытыка без фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае вернікаў, іх пастыраў і іх рэлігійныя пачуцці.

Каталіцкія Біскупы Беларусі 30 студзеня назвалі абвінавачванні «неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці».

30 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся ў МЗС з Апостальскім Нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Як паведамілі ў МЗС, сустрэча была арганізавана па ініцыятыве беларускага боку.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі