Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў са зваротам з нагоды мінскай сустрэчы па Украіне

ity1nm_w465h262

Каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з адмысловым зваротам з нагоды перамоваў у “нармандскім фармаце” 11 лютага ў Мінску па пытанні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны.

Мітрапаліт выказвае занепакоенасць развіццём сітуацыі ў братняй Ураіне, дзе разрастаецца збройны канфлікт. Гінуць непасрэдныя яго ўдзельнікі і ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі, з дня на дзень павялічваецца колькасць бежанцаў, разбураюцца гарады і вёскі, нішчыцца эканоміка, нарастае сацыяльна-палітычная напружанасць.

Мітрапаліт адзначыў: “Канфлікт немагчыма вырашыць збройнымі дзеяннямі, якія пагражаюць непрадказальнымі наступствамі, могуць выйсці з-пад кантролю і ўцягнуць у яго многія краіны свету. Адзіным шляхам яго вырашэння з’яўляецца дыялог, аб чым не аднойчы заяўляў таксама і Папа Францішак”, паведамляе catholic.by.

Новая надзея на дыпламатычнае вырашэнне гэтага зацяжнога канфлікту звязана з сустрэчай прэзідэнтаў Украіны, Расіі і Францыі і канцлера Германіі 11 лютага ў Мінску. “У гэты дзень Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых. Сітуацыя ва Украіне пацвярджае стан духоўнай хваробы, калі чалавек не жадае жыць паводле Божага закону любові да бліжняга і павагі да яго правоў”, –  падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт заклікае  вернікаў і людзей добрай волі не заставацца абыякавымі «да ўкраінскай трагедыі і лёсу нашых украінскіх братоў і сясцёр», маліцца аб поспеху мінскай сустрэчы, каб «доўгачаканы мір нарэшце запанаваў у нашых паўднёвых суседзяў, каб там як мага хутчэй завяршыліся жахі збройных дзеянняў і людзі маглі спакойна жыць».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі