Хто стаіць за “Гродзенскай народнай рэспублікай”?

60c4b-clip-156kbУвечары 8 лютага ў сацыяльнай сетцы Facebook узнікла суполка «Гродзенскай народнай рэспублікі». Яе мэтай стваральнікі старонкі абвясцілі “правядзенне рэферэндуму і яе далучэнне да Польшчы”. Пры гэтым у магчымасць таго, што гэта могуць зрабіць польскія ўлады, яны не вераць. Кандыдатам на прэзідэнта Гродна старонка абвясціла лідара неафіцыйнага Саюзу палякаў на Беларусі ў 2005-2010 гадах Анжаліку Борыс.

Між тым сама Анжаліка Борыс у каментары карэспандэнту КРЫНІЦА.INFO заявіла, што лічыць усё гэта правакацыяй. “Гэта, на маю думку, правакацыя”, — падкрэсліла былы старшыня неафіцыйнага СПБ.

Мяркуючы па ўсім, стваральнікі старонкі не з’яўляюцца жыхарамі Беларусі і не ведаюць рускай мовы. Пра гэта можа сведчыць і той факт, што змешчаныя на ёй пераклады з польскай на рускую не маюць і кроплі рэдагавання, пакідаючы памылкі тэхнічнага перакладу. Гэта тычыцца і назвы старонкі, якая на рускую перакладзеная як “Республика Гродно Китая”. Верагодна, Google translate узяў за прыклад назву Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Нельга нічога сказаць і пра палітычныя погляды аўтараў старонкі. У адным са сваіх паведамленняў яны заклікаюць да рэферэндуму па прыкладзе Крымскага, а ў другім – заклікаюць Еўропу “ўзяцца за зброю і змагацца” з чырвонай галотай на Ўсходзе і тым самым дапамагчы Украіне, а не хавацца за санкцыямі.

Між тым больш акрэсленыя палітычныя ідэалы маюць прыхільнікі «Віленскай народнай рэспублікі», якая выступае за з’яўленне ““зялёных чалавечкаў” на Віленшчыне і правядзенне там рэферэндуму сярод аўтахтоннага насельніцтва”. Яна дзейнічае з 30 студзеня і назбірала больш за 3,5 тыс. упадабанняў (у ГНР – каля 80-і).

Стваральнікі старонкі з’яўляюцца відавочнымі прыхільнікамі так званых “Данецкай” і “Луганскай народных рэспублік”, рэзка крытыкуюць улады Літвы і Украіны. Яны супрацоўнічаюць з інтэрнэт-парталам Xportal.pl, выдавец якога Барташ Бэкер з’яўляецца адначасова лідарам польскай радыкальна-нацыяналістычнай і неафашысцкай арганізацыі “Фаланга”, удзельнікі якой, уключна з самім Бэкерам, былі заўважаныя ў баях за ДНР.

У адзін дзень з «Віленскай народнай рэспублікай» узнікла і старонка «Латгальскай народнай рэспублікі» ў Латвіі. Мяркуючы па рэдкіх паведамленнях, якія скончваюцца 3 лютага, яна таксама выступае ў падтрымку ДНР і ЛНР і за далучэнне ўсходняй Латвіі да Расіі.

З 31 студзеня дзейнічае і старонка “Рэспублікі Балтыйскай Русі”, накіраванай на паўночна-ўсходнюю Эстонію. Як і папярэднія яна выступае ў падтрымку расійскіх сепаратыстаў ва Украіне.

3-4  лютага спрабавала сваю актыўнасць і “Нова-Архангельская Рэспубліка” ў Алясцы, але яе дзейнасць апынулася найменш паспяховай – усяго 14 падпісчыкаў.

З’яўленне на працягу дзесяці дзён старонак адначасова некалькіх “рэспублік” з аднолькавымі мэтамі і ідэямі адразу ў некалькіх краінах — Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, ЗША – наводзіць на думку на іх каардынацыю з аднаго цэнтру. Падтрымка імі (пытанне з ГНР застаецца адкрытым) дзеянняў расійскіх сепаратыстаў ва Украіне і крытыка нацыянальных урадаў наводзіць на думку, што цэнтр гэты варта шукаць на ўсход ад беларускай мяжы. Што цікава, ужо 30 студзеня пра старонкі “Віленскай” і “Латгальскай” НР паведамілі афіцыйныя расійскія СМІ.

Аб неабходнасці выкарыстання ультраправых і ультралевых арганізацый Еўропы, незадаволеных сваімі ўрадамі, з мэтай знішчэння «Захаду ў яго цяперашнім варыянце як цывілізацыі» пісаў незадоўга да з’яўлення «народных рэспублік» аглядальнік расійскага партала «Еўразія» Аляксандр Баўдуноў.

“Агрэсія Расіі на ўсходнюю Украіну быў апрануту ў касцюм луганскай і данецкай «народных рэспублік». Рускія спецназаўцы ўжо былі «аўтахтонамі» Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Крыма, Данбаса, так што яны могуць стаць «аўтахтонамі» Віленшчыны, Латгаліі або Галіцыі, калі яны атрымаюць такі загад”, — адзначае на старонках niezalezna.pl польскі палітолаг Пшамыслаў Жураўскі-Граеўскі.

На яго думку, узгаданыя “народныя рэспублікі” павінны працверазіць кожнага, хто мае тэрытарыяльныя ці гістарычныя прэтэнзіі да суседняга народу. “Хто не расплюшчыць вочы, павінен разглядацца як Польшчай, так і Літвой, як смяротны вораг нашай незалежнасці. Акрамя таго, кожны, хто будзе ў захапленні ад перспектывы меркаванага «вяртання Львову», або памудрэе, або спецслужбы польскай дзяржавы павінны эфектыўна нейтралізаваць яго. Жарты скончыліся. У Данбасе ліецца кроў. Створаныя пад крылом Расіі “народныя рэспублікі” не прыносяць нікому нічога іншага”, — дадае ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі