У Пінску будзе пабудаваны новы касцёл

zagruzheno_3_5У Пінску зарэгістраваная новая каталіцкая парафія, якая з часам стане ўладальнікам уласнай святыні, – 10 лютага ксёндз Андрэй Рылка асвяціў крыж на месцы ўзвядзення будучага храма.

Новая каталіцкая святыня – касцёл святога Бенедыкта – будзе знаходзіцца ў пінскім мікрараёне Лугі. У бліжэйшы час на асвечанай будаўнічай пляцоўцы пачнуцца працы першага цыкла, паведамляе media-polesye.by.

Лугі – перспектыўны мікрараён Пінска, за кошт будаўніцтва якога і ажыццяўляецца пашырэнне горада. Некалькімі дзесяцігоддзямі раней стараннямі гараджанаў у мікрараёне ўжо быў узведзены праваслаўны храм у гонар нябеснага апекуна горада, праваслаўнага святога Фёдара Тырона, які адрозніваецца цікавым архітэктурным рашэннем.

Дзеючы касцёл у Пінску сёння маецца адзін – катэдральны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, які складае адзіны архітэктурны ансамбль з Пінскай междыяцэзыяльнай духоўнай семінарыяй. Яшчэ два будынка – касцёл Карла Барамея і бернардынскі касцёл, перададзены пасля паўстання 1830-1831 гадоў праваслаўнай супольнасці, – выкарыстоўваюцца як камерная канцэртная заля і Свята-Варварынская царква.

Найбольш знакаміты з пінскіх касцёлаў – святога Станіслава – быў узарваны ў 1953 годзе ў ходзе рэканструкцыі плошчы Леніна.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі