Пасол Польшчы: польскім святарам у Беларусі цяжэй працаваць, чым у Афрыцы

510D911C-D9E0-4958-991D-64901630CFC4_w640_r1_s_cx0_cy35_cw0

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка мяркуе, што заявы ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Беларусі Леаніда Гулякі, што каталіцкія святары-грамадзяне Польшчы займаюцца палітычнай дзейнасцю, – гэта вельмі сур’ёзны папрок.

Да таго ж гісторыя каталіцкага Касцёлу ў Беларусі вельмі шчыльна звязаная з каталіцкім касцёлам Польшчы. На пачатку 1990-х гадоў Касцёл у Беларусі знаходзіўся ў заняпадзе. І ў той цяжкі момант Польшча працягнула руку дапамогі. Лешак Шарэпка кажа, што памятае, як у Польшчы збіралі сродкі на будоўлю і адраджэнне касцёлаў у Беларусі, паведамляе svaboda.org.

«Гэта быў парыў сэрца, гэта была добрасардэчная дапамога братняму Касцёлу Беларусі. Гэтым людзям трэба падзякаваць за тое, што яны зрабілі. А што мы маем замест таго? Пастаянныя папрокі, навязванне нейкіх не зусім зразумелых сваіх правілаў гульні. Я не прыпамінаю словаў падзякі», – адзначае дыпламат.

Амбасадар падкрэсліў, што зараз вельмі цяжка знайсці святароў — адбываецца крызіс веры. І польскія святары служаць не толькі ў Беларусі, а ва ўсім свеце. «З боку беларускай улады мы часта чуем, што яны падтрымліваюць рэлігійнае адраджэнне ў краіне. Але тут ідзе рэальнае адраджэнне, і гэтым займаюцца польскія святары. Ім за гэта трэба быць удзячнымі. Польскія святары лічаць, што ў Беларусі цяжэй працаваць, чым у Афрыцы.  Калі святар прыязджае, каб будаваць касцёл, дазвол на працу яму даюць на 3 месяцы ці на паўгады. А што ён можа пабудаваць за гэты час?“ – задаецца пытаннем амбасадар.

Пасол адзначыў, што падтрымлівае намаганні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі па ўрэгуляванні ўсіх спрэчных пытанняў на лініі дзяржава — Касцёл.  Мяркуе, што многіх непаразуменняў магло б не быць, калі б падпісалі канкардат паміж Ватыканам і Беларуссю. Гэты дакумент вызначае сферы адказнасці дзяржавы і Касцёла. Ватыкан ужо даўно дабіваецца падпісання такога дакумента, падкрэсліў Шарэпка.

“За апошні час афіцыйныя польскія ўлады, польскае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі шмат зрабілі разам з беларускай уладай, каб наладзіць стасункі паміж Польшчай і Беларуссю. Гэта каштавала вялізных намаганняў, – адзначыў  амбасадар. – У сувязі з гэтым мы не да канца разумеем заяву спадара Гулякі, якая ніяк не ўпісваецца ў гэты працэс. Было б цікава даведацца,  чым спадар Гуляка абгрунтоўвае гэтыя свае выказванні і ці ёсць у яго доказы, каб пацвердзіць  папрокі на адрас польскіх святароў».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі