Святар распавёў школьнікам пра важнасць беларускай мовы

movaСустрэча педагогаў і навучэнцаў Ілюшынскай сярэдняй школы з благачынным праваслаўных цэркваў Ушацкай акругі пратаіерэем Вячаславам Лобецам адбылася 16 лютага ў рамках правядзення тыдня беларускага пісьменства.

На пачатку сустрэчы а. Вячаслаў і яго памочнік па працы з моладдзю Арцемій Юстын адслужылі малебен, затым Арцемій распавёў пра гісторыю старабеларускай мовы, яе ролю і значэнні ў праваслаўнай богаслужбовай практыцы XIV-XVII стагоддзяў, растлумачыў неабходнасць усведамлення сучаснай беларускай мовы як асновы нацыянальнай самасвядомасці, паведамляе eparhia992.by.

Таксама гаворка ішла пра надыходзячы Вялікі пост, яго сапраўдны сэнс і значэнне ў жыцці хрысціяніна. У падарунак дзеці атрымалі абразкі з выявай сясцёр-пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры, у гонар якіх ва Ўшачах узведзены храм, у якім служыць а. Вячаслаў.

Клірык храма Уваскрэсення Хрыстова ў Клецку іерэй Генадзь Сівец 12 лютага наведаў Заастравецкую сярэднюю школу, дзе выступіў перад навучэнцамі 8-11 класаў з гутаркай пра праваслаўнае разуменне свабоды, а таксама пра адказнасць і страх Божы, паведамляе sluck-eparchiya.by.

17 лютага настаяцель храма апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Грыцэвічы пад Клецкам пратаіерэй Валерый Вячорка правёў у Грыцэвіцкай сярэдняй школе выставу-гутарку «Святло духоўнай ісціны», прысвечаную праваслаўнай літаратуры.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі