Кандрусевіч: украінскае Дэбальцава – гэта папялец нашага часу

чуванне16КандрусевічМітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Папяльцовую сераду цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Паводле яго, папялец мы можам убачыць і ў звычайным жыцці. “Свет нядаўна адзначаў 70-годдзе вызвалення Асвенціма, дзе падчас Другой сусветнай вайны ў крэматорыях былі спалены мільёны людзей.  Асвенцім стаў самым вялікім папяльцом ХХ стагоддзя”.

Вуліцы Нью-Ёрка 11 верасня 2001 года таксама сталіся нябачным да гэтага папяльцом. “Сёння такім папяльцом з’яўляецца ўкраінскі горад Дэбальцава, дзе, нягледзячы на мінскія пагадненні, працягваецца крывавая бойня. Мы з жахам глядзім на гэтыя падзеі нашага часу і просім Бога берагчы чалавецтва ад падобных папяльцоў”, – адзначыў Мітрапаліт, паведамляе catholic.by.

Іерарх падкрэсліў, што абрад пасыпання галоваў попелам дапамагае нам усвядоміць нясталасць нашага жыцця і ператварэнне нашага цела ў прах. Бог з праху зямлі стварыў чалавека, і ў прах ён вернецца.

“Чым раней мы заўважым трэшчыну ў сцяне дома, тым менш будзе шкоды і тым таннейшы рамонт. Падобна ёсць і з душой чалавека. Чым раней убачым грахоўную шчыліну і распачнем яе рамонт, тым больш ён будзе якасны, таннейшы і не прынясе вялікай шкоды”, – патлумачыў арцыпастыр.

Біскуп Станеўскі: пасыпанне попелам галавы — не прыніжэнне, а шанец для выпраўлення

Дапаможны біскуп Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў Папяльцовую сераду ў гродзенскім катэдральным касцёле імя святога Францішка Ксаверыя. У  гаміліі  іерарх нагадаў, што, пасыпаючы галовы попелам, мы павінны ўсведамляць, што гэта не прыніжэнне, а дадзены нам ад Бога шанец асабістага выпраўлення, а таксама сямейнага і грамадскага рэлігійнага ўзрастання: «Дык навернемся і паверым у Евангелле».

Біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на тры важныя элементы: малітву, пост і міластыню. Ён падкрэсліў, што ў перыяд Вялікага посту мы «свядома адмаўляемся або абмяжоўваемся ад розных учынкаў, можа, і добрых, але не заўсёды патрэбных, такіх як тэлевізар, камп’ютар, слуханне музыкі, так мы вызваляем час для малітвы».

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на ўчынкі людзей: «Калі мы зрабілі зло іншаму чалавеку, трэба яго выправіць,  палепшыць адносіны ў сям’і і сужэнстве, сярод супрацоўнікаў і суседзяў. Вялікі пост з’яўляецца добрым часам на такія рэчы».

Біскуп зазначыў, кажучы пра міластыню,  што «не таму трэба дзяліцца з іншымі, што маем лішак, але таму, што той бліжні знаходзіцца ў яшчэ большай патрэбе, чым мы самі».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі