Гаек: Грэка-Каталіцкая Царква пашырае беларускую хрысціянскую культуру

6Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, звярнуўся з Пастырскiм Словам на Нядзелю Праваслаўя 2015 году.

Вялікі пост – гэта час, калі Царква заклікае нас увайсці на шлях больш цеснай сувязі з Ісусам Хрыстом, наблізіцца да таямніцы Яго пакут і Уваскрасення. Першая нядзеля Вялікага посту ў нашай царкоўнай традыцыі называецца Нядзеляй Праваслаўя, адзначае Апостальскі Візітатар, паведамляе svjazep.org.

“Праваслаўе, якое святкуем у гэтую нядзелю, – гэта праўдзівая вера і праўдзівае пакланенне Богу, праўдзівае праслаўленне Бога, што напрацягу стагоддзяў вызнавала і абараняла ўся Хрыстовая Паўсюдная – значыць Каталіцкая – Царква.

Таму Нядзеля Праваслаўя – гэта ўрачыстасць усёй Царквы, Усходняй і Заходняй”, – кажа ён. Гэтую ўрачыстасць усталяваў Усяленскі Сабор у Канстантынопалі ў 842 годзе.

У Нядзелю Праваслаўя 2015 году хочацца узгадаць той час, калі 25 гадоў таму ў Беларусі стала магчыма адкрыта і прылюдна пакланяцца Богу, і калі беларускія грэка-католікі змаглі аднавіць душпастырскую дзейнасць.

Канец 80-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў Беларусі вызначаўся ростам зацікаўленасці Уніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Мінска і іншых гарадоў Беларусі.

Асэнсаваць духовую спадчыну мінулых 25-ці гадоў – значыць дзякаваць Госпаду за нястомныя высілкі і за верную любоў святароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы да Беларусі.

Рух за адраджэнне Уніяцкай Царквы ўзмацніўся ў 1990 годзе, пасля візіту ў Мінск Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана.

Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску Боскую Літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

Адпраўленне багаслуслужбаў па-беларуску з’яўляецца ўвасабленнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангеллем і культурай. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – верная сваёй традыцыі – бачыць сваю важную місію ў пашырэнні беларускай хрысціянскай культуры, адзначае Архімандрыт Сяргей.

Апостальскі Візітатар жадаем усім  пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасцю», каб «яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі