“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык скардзіцца
Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..
У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…
Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.
Ксавэрык скардзіцца
Ксавэрык стаіць перад дзьвярмі ў гасьцёўню й пераступае з нагі на нагу. Там сварацца. I як сварацца! Мама кажа: “Нават пальцам не паварушыш…!” Тата кажа: “Вечна ты незадаволеная…” Мама кажа: “…як пустое месца!” Тата кажа: “…толькі й чуваць што папрокі!” Іх галасы гучныя й сярдзітыя.
Ксавэрык уцякае ў свой пакой.
“Божачка, – кажа ён, – калі ласка, зрабі, каб яны перасталі!” I тады ён змаўкае й сядзіць ціха-ціха, каб пачуць, што яму адкажа Божачка.
Божачка нічога не адказвае.
“Ці ты чуеш мяне? – кажа Ксавэрык. – Зрабі, каб яны перасталі! Я не магу больш гэтага цярпець! Зрабі, каб яны памірыліся!”
Але Божачка нічога не адказвае.
“Паслухай, – кажа Ксавэрык, і па шчоках у яго цякуць сьлёзы, – чаму ты нічога ня робіш? Ты мусіш зараз жа нешта зрабіць! Мусіш!”
Ён прыслухоўваецца з усяе сілы, але Божачка маўчыць.
Ксавэрык залазіць у ложак і нацягвае коўдру на вушы, каб ня чуць сварку з гасьцёўні. “Я не разумею цябе, Божачка! Ты мяне страшна расчараваў!”
I ён затаіў дыханьне, каб пачуць, што яму зараз скажа Божачка. Бо ж калі Ксавэрык так горка яму скардзіцца, Божачка ня можа маўчаць.
Божачка маўчыць.
Ксавэрык чакае й плача, й чакае. Ён болей не вытрымвае ляжаць у ложку. Ён бяжыць босы ў гасьцёўню. Бацькі ўсё яшчэ сварацца.
“Ну перастаньце ж вы! – кажа Ксавэрык. – Мне так кепска, калі вы сварыцеся. Я баюся, што вы разьвядзецеся, як бацькі ў Монікі”.
“Ну вось, яшчэ й гэты малы лезе!” – крычыць тата.
“Што за глупства! Ніхто не зьбіраецца разводзіцца!” – крычыць мама.
“Лепш вы абое сварыцеся на мяне, чым гэтак сярдзіцца адно на аднаго!” – румзае Ксавэрык.
“Мы ня сердзімся адно на аднаго, мы толькі крыху не сыйшліся думкамі”, – бурчыць тата.
“Куды ж цяпер падзецца, калі нават і пасварыцца спакойна нельга. – кажа мама, а ў вачох у яе бліскае звыклая ўсьмешка. – Ану каціся ў ложак, Ксавэрык, і хуценька!”
Ксавэрык ідзе. Ён гучна пазяхае ад стомы. Глыбока ўздыхнуўшы, ён запаўзае пад коўдру.
“Ты добра зрабіў”, – кажа Божачка.
“Угу”, – чуецца з-пад коўдры. А можа гэта былі толькі два ўздыхі.
Падрыхтавала Вольга Севярынец
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Выйшла кніга пра біблійны канон у хрысціянскіх канфесіях 20.05.2022 16:15
- У Жыровічах праходзяць урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай 20.05.2022 15:00
- Пінскай епархіяй будзе часова кіраваць архіепіскап Брэсцкі 19.05.2022 19:20
- Гродзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода 19.05.2022 14:52
- У Нігерыі мусульмане забілі камянямі студэнтку-хрысціянку па абвінавачванні ў богахуленні 19.05.2022 14:08
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)