У Каменцы, Навагрудку i Гродне ўзгадаюць ксяндза Грасевіча i сясцёр назарэтанак

2015-02-25-grasewiczПершага сакавіка прыпадае 15 гадавіна смерці ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча, шматгадовага пробашча парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы і сузаснавальніка манаскай супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці.

28 сакавіка ў 12.00 адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі памяці спачылага святара, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч нарадзіўся ў 1904 годзе на Беласточчыне, пасля ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні (факультэт паланістыкі) працаваў настаўнікам польскай мовы ў езуіцкай гімназіі.

Пасля двух гадоў працы ён паступiў ў духоўную семінарыю. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Рамуальда Яблжыкоўскага. Пазней быў рэдактарам каталіцкага штотыднёвіка «Tygodnik Katolicki» і капеланам хрысціянскай моладзі. Пры жыцці кс. Юзаф Грасевіч сябраваў з благаслаўлёным кс. Міхалам Сапоцькам і стараўся наследаваць прыклад яго жыцця.

5 сакавіка прыпадае 15-я гадавіна беатыфікацыі благаслаўлёных сясцёр назарэтанак мучаніц з Навагрудка. 5 сакавіка 2000 года ў Рыме ў Год юбілея хрысціянства 11 назарэтанак з Навагрудка Папам Янам Паўлам ІІ былі абвешчаныя благаслаўлёнымі.

З гэтай нагоды урачыстасцi пройдуць 5 сакавіка у рэктаральным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку i 8 сакавіка у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Імша ў касцёлах пройдзе ў 12.00.

У гэты дзень у гродзенскай катэдры сёстры назарэтанкі пасля кожнай святой Імшы будуць выступаць з невялікімі дакладамі пра жыццё і святасць 11 сясцёр назарэтанак.

11 сясцёр назарэтанак былі расстраляны фашыстамі падчас вайны 1 жніўня 1943 г. у лесе каля Навагрудка. Манахіні аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў і мясцовага святара кс. Аляксандра Зянкевіча.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі