Беларус-капелан ў арміі Украіны: святар на вайне – гэта, перш за ўсё, святар

6У студзені 2015 года ва Украінскай Праваслаўнай Царкве Кіеўскага Патрыярхата была заснаваная новая ўзнагарода – медаль “За самаахвяраванне і любоў да Украіны”. Гэтым медалём адзначаюць ваенных, духавенства і валанцёраў.

22 студзеня 2015 года гэтым медалём быў узнагароджаны святар-капелан УПЦ КП а. Сяргей Горбік,  беларус, колішні сябра мінскай “Талакі”, які жыве зараз ва Украіне. З а. Сяргеем Горбікам размаўляе карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO.

– Айцец Сяргей, ад пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Ўкраіны вы амаль увесь час на фронце ў якасці вайсковага святара. Пра праваслаўнае апалчэнне, у шыхтах якога, наколькі я ведаю, змагаюцца і беларусы, у тым ліку знакаміты пісьменнік, каталік Уладзіслаў Ахроменка, у Беларусі ведаюць і пішуць няшмат. Раскажыце, калі ласка, пра яго падрабязней.

1

Паўстанне нашага фармавання пачалося ў пачатку сакавіка 2014 года, калі Расія акупавала Крым, і было відавочна – сёння-заўтра пачнецца вайна. Менавіта тады, на адным з мітынгаў на Хмельніцкім майдане, Высокапрэасвяшчэнны Уладыка Антоній (Махота), мітрапаліт Хмельніцкі і Камянец-Падольскі УПЦ КП, выступіў з прамоваю, у якой было сказана: “Я таксама ваеннаабавязаны і я гатовы зараз сказаць, што мы будзем ахоўваць сваю зямлю стварыўшы атрад «Праваслаўная Падольская Січ». Мы гатовыя ўсе разам, нават калі нам ужо час выйшаў, і мы не ваеннаабавязаныя. Мне кажуць, – вам, Уладыка, ужо больш за сорак, і вас не прызавуць у шэрагі Узброеных сіл. Але я думаю, на сённяшні дзень усім мужчынам трэба выцягнуць ваенныя білеты і мець іх, калі выклічуць, незалежна ад нацыі, узросту і г.д”.

3І вось, на наступны дзень пасля выступу мітрапаліта Антонія, мы атрымалі больш за 350 заяваў з просьбаю прыняць у шэрагі Праваслаўнага апалчэння. Таму быў створаны арганізацыйны камітэт, які досыць хутка перарос у штаб фармавання. А, паколькі арганізатарамі былі вернікі УПЦ КП, дык і захавалася назва Праваслаўнае апалчэнне.

Што датычыцца арганізацыйных момантаў, то на пачатку была створаная грамадская арганізацыя “Праваслаўная Падольская січ”. На той час, у сакавіку 2014 года, гэта была адзіная рэальная магчымасць хуткай легалізацыі. Першай справай, якую на сябе ўзяло фармаванне, стала дапамога украінскім памежнікам.

– Памежнікам, – таму што чакалася ўварванне расійскіх войскаў?

– У Хмяльніцку знаходзіцца Нацыянальная акадэмія памежнае службы Украіны імя Б.Хмяльніцкага. Менавіта курсантаў гэтай установы, а сярод іх вельмі багата ўласна жыхароў Хмельніцкай вобласці, у сакавіку кінулі на ахову адміністрацыйнай мяжы з Крымам, на першую лінію абароны. Яны там апынуліся ў вельмі складаных умовах: не толькі матэрыяльных (была нястача нават дроваў для кухні), а і духоўных. Таму ўжо ў канцы сакавіка-пачатку красавіка першы канвой нашага фармавання вырушыў да мяжы з Крымам. Мы вязлі не толькі гуманітарную дапамогу, а і паходны храм-намёт.

4Да слова, сярод першага канвою быў і беларускі пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які адным з першых запісаўся ў Праваслаўнае апалчэнне. Гэта даказвае, што ў нас не было канфесійных абмежаванняў, хоць, натуральна, большасць была і застаецца вернікамі УПЦ КП.

Ужо ў першым прыездзе мы паставілі паходны храм, у якім чаргавалі святары УПЦ КП ды праводзілі богаслужэнні. Першую літургію, у саслужэнні святароў епархіі, адслужыў Высокапрэасвяшчэнны ўладыка Антоній.

Вельмі хутка, ужо ў працэсе ўзаемадзеяння з памежнікамі, зрабілася зразумелым: патрэбная не толькі гуманітарная дапамога, а і рэальныя байцы. Таму другім крокам стала рэгістрацыя грамадскага фармавання “Падольская січ”, чальцы якога, пасля месяца падрыхтоўкі ў акадэміі, далучыліся да аховы межаў Украіны.

Такім чынам склалася, што мы маем дзве галіны: валанцёрскую і вайсковую.

– Дзе і як дзейнічае апалчэнне зараз?

5– Мы маем больш за тысячу чальцоў фармавання. Але, з улікам спецыфічных заданняў, вайсковую частку складае некалькі дзясяткаў чалавек, якія прайшлі адпаведнае навучанне. Мы – грамадскае фармаванне па ахове дзяржаўнай мяжы і грамадскага парадку. Таму нашыя адздзелы нясуць службу там, дзе іх ставіць ДПСУ. Магу толькі сказаць, што гэта далёка ад спакойных месцаў… Нават нашыя гуманітарныя канвоі былі пад абстрэламі, але, на шчасце, пакуль ніхто не пацярпеў.

Што стасуецца іншых фармаванняў добраахвотнікаў, дык у кожнага свая задача. Тым больш, што ўсе “належаць” розным структурам. Напрыклад, “Данбас” – гэта МВС, а “Айдар” – Міністэрства абароны. Хоць, напрыклад, з камандзірам “Айдару” мы маем звязкі на асабістым узроўні, ён прыязджаў у Хмяльніцкі на супольныя нарады.

– Ці шмат сьвятароў у апалчэнні?

7– Да сёння афіцыйнай пасады капелана ва Ўкраіне няма. Акты, якія мусяць гэтую справу неяк афіцыйна ўзаконіць ды ўвесці ў прававыя межы, толькі рыхтуюцца. Таму прысутнасць святароў у войсках – гэта асабістая дамова паміж камандзірамі ды святарамі. Але святар у войску патрэбны, асабліва на вайне, таму мы тут прысутныя.

Што датычыцца нашага фармавання, дык я там афіцыйна не толькі капелан, а і кіраўнік прэс-службы. Звычайна, усім святарам даводзіцца сумяшчаць служэнне з нейкае справаю. Напрыклад, возіш гуманітарную дапамогу вайсковым і адначасна служыш літургію, набажэнствы, асвячаеш тэхніку, спавядаеш, прычашчаеш… Некаторыя святары, якія пастаянна знаходзяцца пры батальёнах, дапамагаюць у шпіталях і г.д.

– Як вы асабіста ацэньваеце грамадзянскі абавязак святара ў часе вайны? Скажам, ксяндзы з ІРА не толькі спавядалі…і гэта давала пэўны ўздым духа.

– Найперш святар на вайне… гэта святар. Да цябе ідуць з сваімі праблемамі (і не толькі духоўнымі), з сваім болем. Што стасуецца “ўздыму духу”, дык, здараецца, адна толькі прысутнасць святара яе дае. Згодна праваслаўных (і каталіцкіх) канонаў, святар не можа браць у рукі зброю, страляць ды забіваць. Але вайна ёсьць вайна. Ніхто не будзе даваць табе персанальнага ахоўніка, таму можа скласціся пэўнае становішча, калі святар змушаны будзе ўзяць зброю… Разам з тым, паўтаруся, знаходжанне бяззбройнага святара побач з байцом бывае больш моцным стымулам, чым той жа святар з аўтаматам.

Удзел беларусаў у баявых дзеянняў – ці гэта міф, якім БТ палохае грамадзянаў?

8– Давайце ад пачатку вызначым каго мы лічым беларусам, якім “палохаюць грамадзянаў”. Бо ва Ўкраіне, толькі па афіцыйнае статыстыцы, пражывае больш за 250 тысяч беларусаў, і багата з іх сёння на фронце.

Калі казаць менавіта аб грамадзянах РБ (якія прыехалі менавіта абараняць Украіну), дык, відавочна, іх ваюе не тысячы і нават не сотні. На мой погляд, сёння на ўсходзе Украіны ваюе ў розных добраахвотных фармаваннях не больш за некалькі дзясяткаў чалавек. Ніякіх менавіта “беларускіх атрадаў”, як гэта спрабавалі падаць некаторыя беларускія незалежныя СМІ, тут няма.

– Айцец Сяргей, як, на ваш погляд, выглядаюць зараз перспектывы стасункаў Украінскага і Маскоўскага патрыярхата, вызначыцца з часам пэўны нейтралітэт?

– Галоўная і адзіная перспектыва, якая, бы паветра, патрэбная Ўкраіне, –  гэта стваренне адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы. Аб гэтым кажа і Усяленскі Канстантынопальскі патрыярхат, прадстаўнікі якога нядаўна наведалі Украіну ды мелі сустрэчы з усімі галінамі ўкраінскага праваслаўя.

9Сёння Кіеўскі патрыярхат – гэта галоўная сіла і цэнтр стварэння Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы, а Свяцейшы Патрыярх Філарэт – безумоўны духоўны лідар украінскага грамадства. Ужо ад вясны 2014 года усе сацыялагічныя апытанні паказываюць, што колькасць праваслаўных, якія атаясамяць сябе з Кіеўскім Патрыярхатам, перавышае колькасць тых, хто лічыць сябе вернікамі Маскоўскага Патрыярхата. Колькасць вернікаў Кіеўскага Патрыярхата расце з кожным месяцам. Пры гэтым мы ніколі не адмаўляліся ад дыялогу з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхату ва Украіне… але толькі на канструктыўнай платформе стварэння адзінай Памеснай Царквы.

Разам з тым Маскоўскі патрыярхат бескампрамісна выступае супраць аўтакефальнага статусу Украінскага Праваслаўя, а патрыярх Кірыл – дык непасрэдна падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны. На баку тэрарыстаў выступае і багата архірэяў і святароў Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне. Усё гэта бачаць праваслаўныя ўкраінцы і робяць свой выбар – ужо дзясяткі парафій перайшлі ў Кіеўскі Патрыярхат, а ваяры адмаўляюцца ад святароў МП.

І вось тут, на хвалі таго, што ягоныя парафіі ды вернікі пераходзяць да Кіеўскага Патрыярхата, прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхата заяўляюць аб “агрэсіі з боку УПЦ КП”. Але, калі грамады ў гарадах, мястэчках і вёсках не хочуць быць у Маскоўскім Патрыярхаце, дык дзе агрэсія з боку КП? Маскоўскі Патрыярхат ва Украіне цалкам дыскрэдытаваў сябе ў вачах людзей, і ў гэтым віна выключна Маскоўскага Патрыярхата.

– Што зараз уяўляюць з сябе стасункі паміж УПЦ КП і УАПЦ, ці маюцца перспектывы паяднання?

10Сёння УАПЦ – гэта каля 800 парафій, 95% якіх знаходзяцца ў трох вобласцях: Львоўскай, Тэрнопальскай і Івана-Франкоўскай. Але нават тут яны саступаюць колькасцю парафіям Кіеўскага Патрыярхата, да таго ж не маюць ніводнай сапраўды дзеючай семінарыі, тым больш акадэміі. Усе ўкраінскія рэлігійныя аналітыкі ды эксперты адзначаюць поўны заняпад гэтай юрысдыкцыі.

Кіеўскі Патрыярхат ужо багата разоў заклікаў архірэяў УАПЦ да паяднання. На жаль, увесь час гэтыя спробы натыкаліся на “чалавечы фактар”. Уласныя амбіцыі архірэі УАПЦ ставілі вышэй за патрэбы Украінскага Праваслаўя. І гэта выдатна бачылі і бачаць святары ды вернікі. Таму працэс аб’яднання ідзе “знізу”, да Кіеўскага Патрыярхату пераходзяць асобныя архірэі (нават з епархіямі), святары і парафіі.

2Некалькі дзён таму памёр прадстаяцель УАПЦ, мітрапаліт Мяфодый (Кудракоў). УАПЦ засталася без відавочнага духоўнага і адміністрацыйнага лідара. Магчыма, што архірэйскі сабор УАПЦ прыслухаецца да голасу розуму ды, у цяжкі для Украіны час, паставіць інтарэсы ўкраінскага праваслаўя вышэй за ўласныя амбіцыі. На гэта вельмі спадзяюцца ўсе, а Свяцейшы Патрыярх Філарэт зноў заклікаў да паяднання: “Хачу звярнуцца да архіярэяў УАПЦ, якія, у адпаведнасці з царкоўным Статутам, збяруцца для абмеркавання далейшага жыцця сваёй Царквы. Ва ўмовах знешняй расійскай агрэсіі надзвычай важнае ўнутранае адзінства ўкраінскага народа. Плённы дыялог аб дасягненні адзінства паміж нашымі Цэрквамі, пра пераадоленне існуючых рознагалоссяў і аб’яднанне ўсіх прыхільнікаў аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ва Украіне могуць стаць нашым агульным важкім укладам у барацьбу ўкраінскага народа за лепшую будучыню”.

13–Нядаўна прайшла Даравальная Нядзеля. Як можна дараваць ворагу, які ідзе на цябе вайною?

– Вайна ёсць абсалютным злом, і мы выдатна ведаем, хто ёсць бацькам усяго злога. Той, хто пачынае вайну з грахоўных, карыслівых або ганарыстых памкненняў, – варты ўсялякага асуджэння, а той, хто ўступае ў вайну змушана, каб абараніць сваіх суайчыннікаў або адзінаверцаў ад ворага, – ваюе законна і не робіць грэху. Удзел хрысціяніна у вайне з’яўляецца вымушанай мерай, і калі ён звяртаюцца да яе з добрых памкненняў абароны хрысціянаў і святыняў, Гасподзь дабраслаўляе яго на ратны подзвіг.

14Нашае дараванне ворагу ў часе вайны заключаецца ў тым, што мы ваюем без нянавісці, ваюем па неабходнасці. Мы можам праявіць да ворагаў сваю любоў тым, каб пастарацца іх заваяваць на свой бок, але мы не павінны мірыцца з злом, якое яны нясуць. Будучы на фронце, я неаднойчы бачыў менавіта ўменне дараваць. Нашы байцы не катуюць палонных, не здзекуюцца з трупаў ворагаў. Нават тых палонных, хто адзначыўся крывавымі злачынствамі, яны перадаюць да суду, а не забіваюць самі. Байцы перавязваюць, лекары лякуюць параненых палонных… Згадайце таксама тое, як нашы вайсковыя паводзяць сябе ў вызваленых гарадах, мястэчках, вёсках. Яны даюць ежу, лекі, гуманітарную дапамогу мірнаму насельніцтву нават тады, калі тыя выступалі або нават выступаюць на баку ворага. Вось гэтая чалавечнасць тых, хто ваюе на баку Праўды Хрыстовае, і ёсць уменнем дараваць і выконваць Запавет Любові.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі