“Крынічка”. Нядзельная школка – Малітва “Ойча наш” самая галоўная

krynichka_8Вітаем вас у гэты першы вясновы дзень!

Мы працягваем наша цікавае пазнавальна-забаўляльнае навучанне. Сёння нас чакае вельмі важная і сур’ёзная тэма.

Штодзённая малітва – неабходная справа кожнага хрысціяніна, кожнага з нас. Праз яе мы размаўляем з Богам, дакранаемся да крыніцы шчасця і супакою. Вучымся і пазнаем Бога. Нельга маліцца пад прымусам альбо толькі для абавязку. Гэта павінна быць вельмі шчырае жаданне, быццам размаўляеш з лепшым Сябрам.

Маліцца сваімі словамі вельмі важна і так прасцей вымавіць свае падзякі, імкненні, просьбы і клопаты. Але існуюць малітвы, якімі мы найбольш часта молімся разам.

Пра адну з іх, самую галоўную мы зараз і паразмаўляем. Гэтай прыгожай малітве навучыў сваіх вучняў і нас Сам Ісус Хрыстос.

Аднойчы вакол Яго сабралася шмат людзей і Ён пачаў навучаць іх праўдам веры, а таксама прачытаў малітву “Ойча наш”. Вось яна:

Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся імя Тваё,
Прыйдзі Валадарства Тваё,
Будзь воля Твая
Як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага
дай нам сёння,
І адпусці нам правіны нашы,
як і мы адпускаем
вінаватым нашым,
І не ўводзь нас у спакусу,
але збаў нас ад злога.
Амін.

Монастырь_Отче_Наш,_Иерусалим,_ИзраильУ наступны раз я больш дэталёва распавяду вам пра словы гэтай малітвы. І спадзяюся, што вы будзеце ведаць яе на памяць. Вось такое хатняе заданне атрымалася.

Цікава, што ў Ерусаліме, дзе Ісус Хрыстос навучаў і тварыў цуды, зараз ёсць царква, якая так і называецца “Ойча наш”. А завецца яна так таму, што па ўсёй яе тэрыторыі размешчаныя тэксты малітвы “Ойча наш” на розных сусвету. Па-беларуску малітва Госпада з’явілася там зусім нядаўна ў 2012 годзе. Калі будзеце ў Ерусаліме, абавязкова знайдзіце яе!

Дзякуй за ўвагу і да наступнай сустрэчы! З Богам!

Падрыхтавала Таццяна Жаўняровіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі