“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык пераможа

Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..

У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…

Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.

Ксавэрык пераможа

Ксаверык пераможа 1Ксавэрык любіць заняткі плаваньня ў басэйне. Яму падабаецца пачуцьцё, калі плывеш хутка, як рыба. Ён любіць адчуваць сілу ў сваіх руках і нагах. А яшчэ яму падабаецца чуць, як Лізі кажа: “У плаваньні брасам Ксавэр ужо амаль зраўняўся з Паўлем”.

Паўль – найлепшы плывун у другой клясе. На спаборніцтвах ён стаўся пераможцам, але Ксавэрык адстаў ад яго ўсяго на адзін мах рукі. На наступных спаборніцтвах Ксавэрык пераможа.

“Вядома ж, ты пераможаш! – кажа Лізі. – Папрактыкуй яшчэ стартавы скачок і паварот. Бо ў гэтым Паўль пакуль яшчэ лепшы за цябе!”

Ксавэрык практыкуе стартавы скачок. Ён мусіць вынайсьці найспрыяльнейшы кут падзеньня, пры якім вада будзе найменей супраціўляцца ягонаму целу. А пры павароце ён мусіць падплыць як мага бліжэй да сьценкі, каб мацней адштурхнуцца.

Ксавэрык уяўляе сабе, што будзе, калі ён выйграе. Можа, ён абыйдзе Паўля на два, тры корпусы. Паўль аж рот разявіць, але так яму й трэба, гэтаму Паўлю. Бо ён заўсёды крычыць: “Я найлепшы!” Бо ён сказаў, што тая Лізі на зямлі яшчэ нічога, а ў вадзе зусім нясьцерпная.

Ксаверык пераможа 2 ЛізіКсавэрык уяўляе сабе, што на спаборніцтвах ён плыве так хутка, што раней за Паўля выходзіць з вады. Лізі падае яму ручнік, Ксавэрык выціраецца й кажа Паўлю, які прысаромлены вылазіць з вады: “Не сярдзіся. Нельга ж заўсёды быць найлепшым!”

Ксавэрык практыкуецца й практыкуецца, і ён заўважае, як уважліва за ім збоку назірае Паўль.

Наступныя спаборніцтвы прызначаныя на пятніцу. Ксавэрык ужо загадзя радуецца. Шкада толькі, што Лізі там ня будзе. Яна, на жаль, захварэла на крапіўніцу й не пабачыць, як Ксавэрык выйграе. Яна будзе ляжаць у ложку й лаяцца ад крыўды ды трымаць кулак Ксавэрыку на ўдачу.

У пятніцу раніцай Ксавэрык дзівіцца, як жа павольна праходзіць час. Лекцыя рэлігіі ніяк ня скончыцца. Сачыненьне на другой лекцыі нуднае як ніколі. Ксавэрык пазяхае. Яму горача й цяжка трымаць галаву. Хутчэй бы ўжо было па абедзе! Ён павольна дапісвае апошні сказ. Сабіна зьбірае сшыткі. Яна глядзіць на Ксавэрыка й крычыць: “Ну вось! I якраз сёньня!”

“Што здарылася?” – пытаецца Ксавэрык.

“А паглядзіся ў люстэрка”, – кажа Сабіна.

Настаўніца пачула гутарку. “Ой, ой, бедны Ксавэрык! У цябе крапіўніца! Табе трэба ў ложак!”

Ксавэрык бачыць ў люстэрку, што ў яго на твары чырвоныя плямы.

“Але ж спаборніцтвы…”, – мармыча ён.

“Праўда, шкада, – кажа настаўніца. – Але нельга, каб ты заразіў іншых дзяцей! У паралельнай клясе дагэтуль яшчэ ні ў кога няма крапіўніцы. Ксавэрык, зьбірай свае рэчы! Я патэлефаную тваёй маме, каб яна цябе забрала!”

Ксаверык перможа 3Ксавэрык кажа, што зь ім усё добра й што ён і сам дойдзе дадому. Ён ні з кім ня хоча гаварыць. Ён ніхоча слухаць, як усе яго шкадуюць.

Ня хоча ён гаварыць і з мамай, якая яго забірае й вядзе дадому. Ён адразу кладзецца ў ложак, запаўзае пад коўдру й пачынае глыбока дыхаць, каб мама падумала, што ён адразу заснуў.

“Праз пару дзён усё зноў будзе добра”, – кажа мама й пакідае Ксавэрыка аднаго.

Так, думае ён, але спаборніцтвы. Паўль выйграе.

“Божачка, – кажа ён пад коўдрай. – Калі ўжо я мусіў захварэць на крапіўніцу, дык чаму якраз сёньня? Нуднае сачыненьне ты мне даў напісаць, а на спаборніцтвы не пусьціў! Ведаеш, як я крыўджуся?!”

“Ты б так хацеў сёньня выйграць”, – кажа Божачка.

“У мяне ж былі шанцы, праўда?” – пытаецца Ксавэрык.

“Вядома, – кажа Божачка. – Стартавы скачок у цябе ўжо сапраўды добра выходзіць, і паварот удаецца ўжо значна лепей”.

“Менавіта, – плача Ксавэрык. – А ты сапсаваў мне перамогу”.

“Я разумею, што ты расчараваны, – кажа Божачка. – Але гэткія непрыемнасьці часта маюць і добры бок”.

“Ты так думаеш, – бурчыць Ксавэрык. – А я сумняваюся. Пакуль што я ня бачу тут ніякага добрага боку. Зусім ніякага”. Ён вырашае ў гэты дзень больш з Божачкам не гаварыць. Дый ён занадта стаміўся. Ён засынае.

Надвячоркам — спаборніцтвы ўжо даўно скончыліся, і, вядома ж, Паўль перамог – да Ксавэрыка прыходзяць госьці. Спачатку ён чуе галасы з калідору.

Ксаверык Пераможа 4“Ну, хлопча, – кажа мама, – а калі ты заразісься…»

“Ну ўжо заражуся, дык заражуея”, – адказвае хлапечы голас.

I ў пакой уваходзіць Паўль. Ксавэрык сядае ў ложку.

“А, гэта ты. Ну як, выйграў?”

“Ды выйграў. – кажа Паўль. – Але лепш было б, каб ты плыў разам са мною. Бо цяпер я так дакладна й ня ведаю, ці я сапраўды найлепшы. Праклятая крапіўніца! Ну, вось што я хацеў табе сказаць”.

“Можа будуць яшчэ якія спаборніцтвы”, – кажа Ксавэрык.

“Праз два тыдні, – кажа Паўль. – Або пазьней, калі ты ўжо зноў будзеш здаровы. Мой брат плывун у камандзе юніёраў. Ён клясна плавае. Ён будзе маім трэнэрам”.

“А…” – кажа Ксавэрык.

“Можам практыкавацца разам, калі ты хочаш, – кажа Паўль. – Правільны паварот зь перакулам – у цябе ж ён таксама яшчэ не зусім добра выходзіць”.

“Практыкавацца разам, – кажа Ксавэрык. – Ну так. А чаму ж не?”

“Ну, вось што я хацеў табе сказаць”, – кажа Паўль і зьбіраецца адыходзіць.

“Хвілінку, – кліча Ксавэрык. – Я хацеў бы ў цябе пра нешта спытацца. Чаму ты лічыш, што Лізі ў вадзе такая нясьцерпная?”

“Ну, бо яна баіцца лішняе кроплі, – кажа Паўль. – Яна ня хоча скакаць. Яна ня хоча ныраць. Зусім нічога ня хоча”.

“Яна не пераносіць хляраваную ваду. – кажа Ксавэрык. – У яе ўжо столькі разоў было запаленьне вачэй”.

“Дык вось што”, — кажа Паўль і разьвітваецца. Каля дзьвярэй ён яшчэ раз паварочваецца й расказвае, што Сабіна пасьля спаборніцтваў паказала яму язык. А што ж ён, вінаваты, што Ксавэрык захварэў на крапіўніцу.

Ксавэрык сьмяецца.

Пазьней ён мусіць добра над гэтым падумаць.

“Божачка, ты тут?”

I тады ён змаўкае й ляжыць ціха-ціха, каб пачуць, што яму адкажа Божачка.

“Я тут”, – кажа Божачка.

“Слухай, – кажа Ксавэрык. – Ён файны хлопец, гэты Паўль… Можа, мне ўдасца зь ім пасябраваць, як ты думаеш? Можа гэта й лягчэй, калі прайграеш свайму сябру?”

“Не, — кажа Божачка. — Але практыкавацца весялей”.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі