Пастар і палітык у Нарвегіі: Царква не павінна стаяць у баку ад палітыкі

IMAG0384

Арнфін Клементсэн (Arnfinn Clementsen) з’яўляецца пастарам  царквы Харызма ў горадзе Ставангер у Нарвегіі ўжо 37 гадоў. 32 гады з іх быў старэйшым пастарам. Тады ён не займаўся непасрэдна палітыкай. Але заўжды заахвочваў вернікаў, каб яны былі актыўнымі ў палітыцы. Карэспандэнт КРЫНІЦА.info сустрэлася з пастарам.

– Вы лічыце, што палітыку і хрысціянства можна сумясціць?

Царква не павінна стаяць у баку ад палітыкі. Мяркую, што ў царвы ёсць тры асноўныя слупы: малітва за грамадства, евангелізацыя, сацыяльная адказнасць.

У нашай кангрэгацыі ёсць шмат людзей палітычна актыўных. Але сама Царква не займаецца палітыкай. Я пяць год таму перадаў пасаду галоўнага пастара іншаму, бо адчуў, што хачу і магу займацца палітыкай і працаваць у Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (KrF). Лічу, што трэба са смеласцю абараняць Біблейскія каштоўнасці. У царкве не прапаведаваў партыйныя каштоўнасці, але намагаўся, каб вернікі мелі палітычную актыўнасць у грамадстве. І сам не баяўся і не саромеўся выказваць свае палітычныя погляды.

Як царква, мы бралі на сябе малітвы перад выбарамі, каб былі абраныя добрасумленныя і адказныя людзі.

За чатыры тыдні да выбараў хрысціяне ўсіх канфесій маліліся за грамадства, нацыю, дзяржаву. Гэта будуе грамадзянскую свядомасць, што выбары – гэта важна.

– Што б маглі параіць вернікам, і ў тым ліку пастарам Беларусі, якія не толькі ў межах царквы, але і наогул, баяцца абмяркоўваць пытанні, якія хоць якімсьці чынам тычацца палітычных?

Я вельмі асцярожна стаўлюся, каб даваць парады, як сябе паводзіць у Беларусі. Але мы можам і павінны маліцца аб тых праблемах у грамадстве, якія нас закранаюць.

Можна маліцца за кіраўніка нашай краіны, хаця і не згодны з ім, з яго палітыкай. Мы і не абавязаны з ім пагаджацца, бо хочам, каб ён сышоў.

Я думаю, што кожнаму трэба прымаць тыя поклічы, якія Бог дае, і з адвагай і пастаянствам ісці да мэты.

– Як вы асабіста рэагуеце, калі ў царкве вернікі займаюцца палітыкай?

У 1997 годзе прэм’ер-міністр быў хрысціянін. Ён з’яўляўся членам палітычнай хрысціянскай партыі KrF. Напярэдадні выбараў мы шмат маліліся за новы ўрад, каб туды прайшлі хрысціяне. Але мы не маліліся за канкрэтных людзей, не называлі прозвішчы. Мы прасілі, каб Бог даў хрысціянскага прадстаўніка ва ўрадзе. Прэм’ерам быў абраны хрысціянін з нашай царквы. Не кажучы аб гэтым публічна, я вельмі ганарыўся гэтым дасягненнем. Бо гэта дало магчымасць больш актыўна займацца грамадскай дабрачыннасцю і даносіць хрысціянскія каштоўнасці па-за межамі царквы. Малітва робіць цуды і праз гэта мяняе людзей і падзеі.

У царкве трэба прытрымлівацца балансу, бо сярод нашых вернікаў ёсць прадстаўнікі розных партый.

– Як вы пракаментуеце словы “кожная ўлада ад Бога”?

У двух словах нельга патлумачыць. Бо ў Бібліі адно месца абавязкова трэба суадносіць з іншымі. Мы бачым, як Пётр не слухае ўлады і кажа, што трэба слухацца болей Бога, чым улады, калі яны супярэчаць Богу і ідуць супраць Яго Слова. Трэба да прадстаўнікоў улады ставіцца з павагай, але пры гэтым хрысціяне павінны мець смеласць выказваць сваю пазіцыю.

Як Царква павінны маліцца і прапаведаваць Слова Божае. Як палітычная партыя – стаяць на пазіцыях, у якія верым. І яны павінны дапаўняць адно другое. Я як пастар заўжды ўдзельнічаю ў пастарскім з’ездзе. Сёлета з’езд будзе ў жніўні. Там мы спрабуем данесці, што Царква павінна мець сваю пазіцыю і хрысціяне павінны быць сацыяльна-адказнымі людзьмі.

– З якога ўзросту можна пачынаць займацца палітыкай?

Гэта вельмі індывідуальна, залежыць ад характару чалавека, ад краіны, дзе ён жыве і іншых фактараў. Асабіста я, як пастар, намагаюся ўжо ў падлеткаў запаліць гэты агонь цікаўнасці і адказнасці за сваё жыццё, за грамадства.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі