У віцебскай евангельскай царкве «Новае жыццё» адсвяткавалі “Дзень таты”

IMG_2709

1 сакавіка ў віцебскай царкве хрысціян веры Евангельскай “Новае жыццё” адсвяткавалі «Дзень таты».  Дзеці з нядзельнай школы падрыхтавалі для самых моцных, разумных і неабходных тат песні, вершы і лісты, у якіх апісвалі станоўчыя характарыстыкі сваіх тат: надзейных, таленавітых, клапатлівых, спартыўных, моцна любячых сваіх дзяцей, умеючых смачна гатаваць і весела праводзіць з дзецьмі час.

Далей, сваю пропаведзь пастар царквы Аляксей Сівалобаў пачаў са слоў з кнігі Ісая гл.40, вр.28-31:

«Хіба ты не ведаеш? хіба ты не чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не знемагае?  розум Яго недаследны. Ён дае стомленаму моц і даруе знямогламу маладосць.  Стамляюцца і юнакі і слабеюць, і маладыя людзі падаюць, а тыя, што спадзяюцца на Госпада абновяцца ў моц: падымуць крылы, як арлы, пацякуць – і не знямогнуць, пойдуць – і не стомяцца».

Пастар адзначыў, што сёння стан стомленасці распаўсюджаны як у свеце, так і ў царкве сярод хрысціянаў. Людзі стамляюцца ад працы, ад клопатаў, ад аднолькавасці, ад адсутнасці мэты. З гэтым станам нельга мірыцца, але трэба звярнуцца да Госпада па дапамогу.

Ён прывёў шмат прыкладаў з Бібліі, дзе апісаны сітуацыі, калі людзі былі ў адчаі і не бачылі выхаду з сітуацыі. І кожны раз Бог прыходзіў ім на дапамогу праз Прарокаў і іншых людзей, сітуацыя змянялася і прыходзіла дабраслаўленне.

Аляксей Сіволобаў падкрэсліў, што кожны чалавек нараджаецца з дадзенымі яму Богам талентамі. І Бог жадае, каб кожнаму хапіла моцы дайсці да вызначанай мэты. «Як і ў ранейшыя часы, Бог дае стомленаму сілы. Свет мае патрэбу ў неардынарных асаблівых людзях, якія хочуць і могуць нешта зрабіць карыснага для іншых. Але каб чаго-небудзь дасягнуць, мы павінны быць пастаяннымі». Але за сталасцю, адзначыў пастар Аляксей, гоніцца аднастайнасць, што прыводзіць да стомленасці. І ў гэты момант, калі адчуваеш спад, што сілы  пакідаюць цябе, неабходна паглыбіцца ў чытанне Слова Божага. «І вось я з вамі да сканчэння дзён», – абяцае нам Гасподзь.

У гэты ж дзень члены царквы і госці, якія заключылі Запавет з Богам праз воднае хрышчэнне, прынялі ўдзел у Вячэры Гасподняй, абвяшчаючы смерць Ісуса, Яго ўваскрасенне і вызваленне ад грахоў па веры ў Ісуса Хрыста.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі