“Крынічка”. Сямейная Рада – Адсутнасць матывацыяў?

Стартап-психология-мотивация-226951Нічога не хачу! Такая сітуацыя знаёмая кожнаму: шмат справаў – а сіл зусім няма, нічога не хочацца, рукі апускаюцца. Апатыя такая, што застаецца толькі легчы на канапу і аддацца актыўнаму “нічога-не-рабіцельству”.

Найчасцей такі стан мы тлумачым лянотай і для барацьбы з ім ужываем “сілавыя” метады: прымушаем сябе ўставаць з канапы і працаваць.

Часам дзейнічаем інакш, стараючыся матываваць сябе на працу: “зараз гадзіну працую, потым п’ю гарбату з цукеркамі”.

Даволі часта, аднак, ні сілавыя, ні метады матывацыі не дапамагаюць.

Рэсурс сілы волі, наколькі б вялікім ён ні быў, усё ж абмежаваны. Цікавасць у бясконцых пазітыўных стымулах таксама з часам надакучвае. Такая сітуацыя, зразумела, хвалюе і выклікае занепакоенасць: а што, калі не змагу працаваць?.. Злосць, безнадзейнасць, напружанасць адбіраюць яшчэ больш сілаў, і атрымліваецца замкнёнае кола.motivacija_2

Што рабіць?

Насамрэч сітуацыя, калі нічога не хочацца значна больш сур’ёзная, чым праблема ляноты (апошняй, дарэчы, па меркаванні шматлікіх псіхолагаў наогул не існуе). Каб выйсці з замкнёнага кола, патрэбна прыгледзецца больш пільна і дэтальна прааналізаваць сітуацыю.

Пачнём з пытання, якое варта задаць самому сабе: “Мне не хочацца насамрэч НІЧОГА – ці чагосьці канкрэтнага?”

Гэта нагадвае стрэмку – калі яе не выцягнуць своечасова пачнецца запаленне і тэмпература паднімецца ва ўсім арганізме. Гэтаксама адбываецца і ў адносінах да сваіх абавязкаў: па розных прычынах не хочацца выконваць нейкую канкрэтную справу – напрыклад, пісаць дыплом. Гэты невыкананы абавязак “вісіць” над намі, як Дамоклаў меч і забірае столькі душэўных сілаў, што ні на што іншае іх проста не застаецца.

Што ж рабіць, калі мы высветлілі, што, насамрэч, не хочацца не “нічога”, а нечага канкрэтнага? І, што таксама вельмі важна, што рабіць, каб у такія сітуацыі не трапляць?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба паразмаўляць аб жыццёвых мэтах.

Хто вызначае мэты вашага жыцця? Ці займаецеся вы ў жыцці тым, што сапраўды вам цікава, што супадае з вашымі схільнасцямі і сістэмай каштоўнасцяў? Ці можа вы навучаецеся ў ВНУ, якую абралі для вас бацькі? Альбо вучыцеся па спецыяльнасці, якая вам не падыходзіць, але атрымаўшы якую, можна знайсці працу з высокім заробкам? Ці баіцеся пакінуць працу, якая вам не падабаецца, бо няўпэўненыя, што знойдзеце нешта лепшае? А можа наогул не верыце, што вы ВАРТЫЯ чагосьці большага, чым маеце зараз?

З якіх людзей складаецца вашае асяроддзе? Ці маеце вы сяброў, якім можаце давяраць, якія падтрымліваюць вас у складаны час? Ці можа наадварот, ад вашага атачэння вы атрымліваеце толькі негатыў, крытыку і падманы?..

Магчыма праблема адсутнасці матывацыі – гэта толькі вяршыня айсберга. Здараюцца сітуацыі, калі чалавек, па сутнасці, жыве зусім не сваім жыццём і найважнейшыя бакі яго штодзённасці, арганізаваныя кімсьці іншым, не адпавядаюць яго ўнутраным асаблівасцям і жаданням. У такім становішчы трэба знайсці ў сабе сілы і рашучасць і змяніцца – пачаць кіраваць сваім жыццём. Тады з’явіцца і энергія.

6139-originalВернемся, аднак, да нашых назіранняў. Калі вы прыйшлі да высновы, што не хочацца ўсяго, любімыя заняткі не выклікаюць энтузіязму, а адпачынак не аднаўляе вашыя сілы – прыгледзьцеся ці гэты стан для пастаянны, ці мае сваю перыядычнасць?

Калі такі спад энергіі прыходзіцца на нейкі сезон, напрыклад, вясну ці восень, то прычына стомы можа хавацца ў авітамінозе ці залежнасці ад прыродных умоваў (кароткі светлавы дзень, нізкі атмасферны ціск і г.д.). Вырашэннем можа стаць больш актыўны лад жыцця, добра збалансаваны рацыён, фізічныя нагрузкі і прыём полівітамінаў.

Калі ж стома з’яўляецца пастаяннай, не хочацца сапраўды нічога і ніколі, паніжаны настрой не пакідае, няма ні станоўчых, ні адмоўных эмоцый, то гэта дэпрэсія – цяжкі стан здароўя, аб якім трэба пагаварыць больш падрабязна.

Перш за ўсё, дэпрэсію нельга блытаць з дрэнным настроем: “учора я радавалася жыццю – а сёння мне нешта сумна” – гэта не дэпрэсія. Сапраўдная дэпрэсія доўжыцца месяцамі.

Дэпрэсія можа быць выкліканая ўнутранымі фізіялагічнымі фактарамі (эндагенная), альбо можа з’яўляцца рэакцыяй на нейкія траўміруючыя падзеі (экзагенная).

Найбольш цяжкія эндагенныя дэпрэсіі правакуюцца гарманальнымі збоямі, а таксама недахопам сератаніну ў мозгу. Яны суправаджаюцца так званымі “сапраўднымі” бяссоннямі – станамі, пры якіх чалавек спіць менш за 4 гадзіны ў суткі (гэтага часу дастаткова для аднаўлення нармальнага функцыянавання арганізму, але пры ўмове, што сон доўжыўся без перапынкаў, быў глыбокім і меў месца ў найбольш спрыяльны для гэтага час – 22:00 – 02:00).

У такім выпадку лепш звярнуцца да спецыяліста – ён параіць спецыяльныя антыдэпрэсанты, якія аднаўляюць сератанінавы баланс мозгу, і, магчыма, прапануе псіхатэрапію.

Экзагенная дэпрэсія, так званая “расцягнутая жалоба”, часцей за ўсё ўзнікае, калі чалавек, перажываючы значную страту (напрыклад, смерць блізкага чалавека) з нейкіх прычынаў не перажыў сваёй жалобы, не скончыў яе.

86854025Напрыклад, жанчына, якая падчас цяжарнасці страчвае любімага брата, але не дазваляе сабе перажываць, каб не пашкодзіць дзіцятку. Калі ж немаўля нараджаецца, жанчына зноў не дазваляе сабе перажываць негатыўныя эмоцыі, каб не хваляваць немаўля. Але наша псіхіка працуе так, што мы можам альбо перажываць усе эмоцыі – і дрэнныя, і добрыя – або не перажываць ніякіх. Такім чынам, калі схавацца ад нейкага аднаго пачуцця – страха, віны, сораму, гора – мы трацім мажлівасць перажываць і ўсе іншыя пачуцці – гэта і ёсць дэпрэсія. Выйсцем у такім выпадку становіцца “сустрэча тварам у твар” з забароненым пачуццям, яго перажыванне, у тым ліку і падчас псіхатэрапіі.

Такім чынам, стан адсутнасці матывацыі мае глыбокія фізіялагічныя і псіхалагічныя прычыны і не можа быць растлумачаны простай лянотай. Гэтаксама і спосабы выхаду з яго не могуць быць абмежаваныя толькі прымусам ці механічнымі спробамі матываваць сябе. Для глыбокага змянення сітуацыі неабходна пазнаць яе карані, не баяцца “плысці на глыбіню”.

Падрыхтавала Наталля Станкевіч

Наталля ў 2007 г. скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і паступіла ў аспірантуру на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У 2012 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па сацыяльнай філасофіі. У 2011–2012 гг. прайшла прафесійную перападрыхтоўку ў маскоўскім Інстытуце псіхааналізу па праграме Асновы псіхааналізу. Працуе псіхолагам-кансультантам, распрацоўвае і праводзіць трэнінгі для сем’яў і моладзі. Замужам. Хрысціянка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі