“Крынічка”. Сшытак у клетачку – Ці ўмееш ты любіць?

“Крынічка” працягвае публікацыю сусветнай хрысціянскай класікі. Спецыяльна для дзетак – апавяданні каталіцкага святара-пісьменніка – Яна Твардоўскага.

Яго творы ўжо папулярныя ў многіх краінах свету і перакладзеныя на 15 моваў, у тым ліку і на беларускую. Яго імя нададзена больш чым 200 школам Польшчы. А сярод шматлікіх узнагарод святар найбольш цаніў званне Кавалера Ордэну Ўсмешкі – міжнароднай ўзнагароды, якая ўручаецца за дзеянні, якія прыносяць дзецям радасць.

Ксёндз Ян пісаў і вершы, і прозу: светла і проста аб веры і Госпадзе, так каб было зразумела нават самым маленькім. Яго апавяданні для ўсёй сям’і: для чытання разам, для разважання і для радасці. Яны напоўненыя бесклапотным гумарам, яны добрыя і шчырыя як дзеці, якіх ксёндз Ян вельмі любіў. Яны кажуць, што Госпад гэта добры сябар і пазнаёміцца з Ім трэба яшчэ ў дзяцінстве.

Ці ўмееш ты любіць?

IMG_1709Пан Езус сказаў, што трэба любіць нават тых, хто нас не зносіць, не любіць, тых, хто нам дакучае. Нават паклёпніка, які нас абгаворвае.

Адна дзяўчынка плакала, што сяброўка абгаварыла яе па тэлефоне, ды яшчэ па міжгародным.

Як любіць, тых, хто нас не зносіць, калі часам мы не ўмеем любіць тых, хто нас любіць?

Матуля любіць цябе, але ці паводзіш ты сябе як той, хто сапраўды любіць яе? Часта назаляеш ёй, няветліва адказваеш, гневаешся на яе.

Тым часам матуля вельмі любіць цябе: мажа на сняданак булку з маслам, каб ты не спазніўся ў школу. Прышывае гузікі, хоць часта ёй баляць рукі. Калі ты хварэеш, яна сядзіць каля ложка, як Анёл Ахоўнік. Дзьмухае на гарачую гарбату з малаком, каб ты не апёкся. Цыруе світар, каб ты не прастудзіўся.

Ці ўмееш ты любіць таго, хто любіць цябе? Часам гэта нялёгка.

Калі хтосьці ўмее любіць таго, хто любіць яго, то ўвогуле ўмее любіць. І, напэўна, лепш адносіцца да тых, хто яго не любіць. Прабачае, не дакучае, моліцца за іх. Памятае, што мы ўсе – дзеці аднаго Бога. Ён падобны да міласэрнага самараніна, які дапамог ворагу, да Юзафа, які прабачыў сваім братам.

Калі хтосьці сапраўды любіць таго, хто любіць яго, то часам нават усміхнецца таму, хто паказвае яму язык.

Аднак нярэдка тым, хто нас любіць, мы ўчыняем страшэнныя скандалы.

Пераклад Ганны Шаўчэнка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі