“Крынічка”. Чытаем кнігу прыроды – Надвор’е

Кожны чацвер “Крынічка” прадстаўляе новую прэзентацыю і дапаможныя матэрыялы па геаграфіі, біялогіі, фізіцы, астраноміі, каб нашыя дзеці ведалі пра магутнасць і прыгажосць Бога і пра яго цудоўны план для нас…

klimat2

Бацькі павінна шмат-шмат ведаць, каб быць здольнымі адказаць на шматлікія дзіцячыя пытанні.

Дасканалы свет

Клімат, які зараз пануе на Зямлі не быў першапачатковай задумай Госпада і пра гэта сведчаць словы з Бібліі, дзе даецца апісанне Эдэмскаму саду.

Першае, пра што нам паведамляе Пісанне, што свет быў створаны ідэальным, значыць і клімат ідэальна падыходзіў для жыцця чалавека, раслінаў і жывёл. Біблія кажа: “І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная” (Быццё 2:25) – вопратка не была патрэбная ім нават ноччу, а значыць клімат быў цёплы і камфортны.

Акрамя таго Пісанне кажа, што дажджу ў свеце не было, “але пара падымалася з зямлі і расіла ўсё ўлонне зямлі” (Быццё 2:6). Таксама для арашэння зямлі Госпад стварыў у садзе рэкі.

Навукоўцы лічаць, што такі клімат быў на тэрыторыі ўсёй сушы, пра гэта сведчаць археалагічныя знаходкі. На ўсёй Зямлі быў вільготны трапічны клімат.  Як такое магло быць?

Існуюць дзве тэорыі. Першая кажа, што зямля была ахутаная водна-паравой абалонкай, якая знаходзілася ў верхніх слаях атмасферы і стварала “парніковы эфект”. Пра гэта сведчаць і некаторыя вытрымкі з Бібліі: “І стварыў Бог цвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цвердзю, ад вады, якая над цвердзю. І сталася так” (Быццё 1:7).

Гэта тэорыя таксама тлумачыць тое, адкуль ўзяліся тыя магутныя патокі вады, што выліліся на зямлю пад час Патопу: “На шасцісотым годзе жыцця Ноевага, на другім месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, у гэты дзень адчыніліся ўсе крыніцы вялікай бездані, і вокны нябесныя адчыніліся” (Быццё 7:11).

Знаходкі акамянеласцяў таксама сведчаць пра тое, што расліны мелі паверхневыя карані, ім не трэба было моцна трымацца за зямлю, бо не было ні ветру, ні перападаў ціску, гэта таксама можа тлумачыцца  паравой абалонкай.

І гэта дасканалае тварэнне было зруйнавана чалавекам і яго грахом. У свет прыйшла смерць.

Відаць, дажджу не было і да Патопу, таму што па сведчанні Бібліі вада з неба была нечым неверагодным – Ною ніхто не верыў.

Другая тэорыя кажа, што ўся суша на зямлі была адным цэлым, з гэтым згаджаецца большасць навукоўцаў. І размяшчалася суша ў межах трапічных паясоў. Тады не было неабходнасці і ў паравой абалонцы: “І сказаў Бог: хай збярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так” (Быццё 1:9)

Калі пачаўся Вялікі Патоп адбыўся раскол тэктанічных пліт і з глыбінь зямлі хлынулі патокі гарачых вод, якія выпараліся і зноў спадалі на сушу магутным дажджом.

Пасля Патопу

Аблічча Зямлі вельмі змянілася. Пачаўся раскол на кантыненты, пра гэта сведчыць таксама Слова: “У Эвэра нарадзіліся два сыны; імя аднаго: Фалек, бо ў дні ягоныя зямля раздзелена” (Быццё 10:25)

Тэмпература на Зямлі стала паніжацца, бо цяпло бесперапынна пакідала Зямлю з-за адсутнасці паравой абалонкі. Акрамя таго пачаліся вывяржэнні вулканаў, клубы дыму маглі нават закрываць сонца. З іншага боку вулканы грэлі воды акіянаў – з’явіліся вятры, бо ўзнікла розніца тэмператураў над паверхняй вады і сушай.

Магчыма, усё гэта прывяло да пачатку Ледніковага перыяду, які доўжыўся прыкладна 500-700 год.

Вялікія абшары нашай планеты былі пакрытыя снегам і леднікамі. На тэрыторыі Беларусі таксама быў ляднік. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць валуноў, азёраў і рэк.

Але на зямлі ўсё роўна заставаліся месцы з цёплым кліматам дзе, чалавек паспяхова жыў і апрацоўваў зямлю.

Паступова лёд расставаў, тэмпература павышалася. Госпад усталяваў на нашай планеце надвор’е, якое дазваляе жыць.

Змены клімату

Змены ў прыродзе адбываліся і пасля Ледніковага перыяду, пра гэта сведчыць Вялікае перасяленне народаў, якое адбылося праз 4-5 стагоддзяў пасля Ісуса Хрыста.

Пасля быў час пацяплення, у 12-13 стагоддзі на тэрыторыі Шатландыі раслі вінаграднікі, а вікінгі засялілі Грэнландыю.

Наступнае пахаладанне адбывалася на працягу 14-19 стагоддзя. Ёсць сведчанні, што замярзалі нават паўднёвыя моры: Адрыятычнае і праліў Басфор.

За апошнія 130 год сярэдняя тэмпература на Зямлі павялічылася амаль на градус. Лічыцца, што гэта адбываецца з-за чалавечага ўплыву – прамысловасць, аўтамабілі, вырубка лясоў.

Нам не вядома, як будзе змяняцца клімат далей, але мы ведаем, што клімат цалкам падуладны Госпаду.

На аснове дапаможніка Дэбі і Рычард Лорэнс “Божая задума. Вада і надвор’е”

Падрыхтавала Надзея Гарэцкая

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі