“Крынічка”. Нядзельная школка – Пагаворым пра “Ойча наш”

крынічка №9 ойча нашДобры дзень, даражэнькія мае!

Сёння мы будзем паглыбляць наша знаёмства с самай галоўнай малітвай усяго хрысціянскага свету – “Ойча наш”. Яна для нас вельмі важная – яе словы даў нам сам Ісус Хрыстос. Я спадзяюся, вы ўжо ведаеце тэкст малітвы, і моліцеся ёй.

Ведаеце, каб наша малітва была дасканалай і плённай, мы павінны глыбока разумець яе і прапускаць праз сэрца. Іншымі словамі, калі мы не перажываем таго, што кажам у малітве, яна не атрымліваецца па-сапраўднаму моцнай.

Каб было больш зразумела, вось вам прыклад: паспрабуйце распавядаць бацькам пра апошнія навіны ў школе, адначасова глядзець тэлевізар, есці шакаладку і рабіць урокі. Што атрымаецца!? Так і з малітвай – малітве трэба аддавацца цалкам.

Зараз мы зноў прачытаем малітву “Ойча наш”, але з невялікімі каментарамі. Дарэчы, даўным даўно, калі з’явіліся першыя хрысціяне, “Ойча наш” вучылі толькі пад час хросту. І кожны хрысціянін прамаўляў словы гэтай малітвы тры разы на дзень.

Ойча наш, каторы ёсць у небе!…” Мы называем Бога Айцом, бо так Ёсць: Ён даў пачатак усяму свету і нам. Ён любіць нас непаўторнай любоўю, якая ніколі не праміне. Мы не кажам “Ойча мой”, бо Ён Айцец для ўсіх людзей, і мы ўсе як адна вялікая сям’я. У гэтым свеце трэба жыць так, як мы жывем ў сям’і: любіць адзін аднаго, падтрымліваць, дапамагаць. Часам гэта складана, але трэба да гэтага імкнуцца.

Мы кажам, што Бог ёсць у небе. Тут не маецца на ўвазе неба, па якому плывуць аблокі. Тут “неба” – гэта тое месца, дзе жыве Бог, дзе мы можам аднойчы Яго ўбачыць. Гэта месца, дзе заўсёды добра.

Вы можаце сказаць мне, што Бог ўсюды прысутны і заўсёды разам з намі! Я згаджуся і дадам: неба таксама заўсёды побач з намі, але яно нябачнае – мы павінны яго шукаць.

“…Свяціся Імя Тваё…” Калі мы кажам гэтыя словы, то праслаўляем Бога, цешымся Яго існаванню. Гэта словы радасці ад таго, што мы ведаем Бога, а Ён ведае і любіць нас.

ST OBKLADYNKA“…Прыйдзі Валадарства Тваё…” Тут мы просім, каб настаў такі час, калі людзі і ўвесь свет будуць існаваць так, як задумаў Бог: мірна, без злосці, у супакоі, сяброўстве і любові. Калі не будзе дрэннага настрою, крыўдаў і слёзаў, а будзе толькі шчасце і Госпад будзе глядзець на нас і ўсміхацца.

Просім, каб тое неба, дзе жыве Бог, стала і на нашай зямлі.

“…Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі…” Калі ва ўсіх справах спадзявацца толькі на сябе, будзе цяжка. Трэба давяраць сваё жыццё Богу і прасіць у Яго дапамогі. Ён ведае нашыя думкі, пачуцці, імкненні. Госпад ведае, як лепей для нас. Таму просім Яго, каб Ён нас накіроўваў, дапамагаў і заўсёды быў побач.

 “…Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння …” Чалавек не можа існаваць без ежы. Але ежа можа быць не толькі для цела. Ёсць ежа для душы – вера, малітва, прычасце. І тое, і тое нам вельмі патрэбна. У гэтых словах мы просім, каб Бог даваў нам магчымасць задаволіць наш голад, ў першую чаргу, духоўны.

“…І адпусці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…” Хочам мы таго ці не, але часам робім дрэнныя ўчынкі. Мы крыўдзім кагосьці, ці хтосьці крыўдзіць нас. Такімі паводзінамі мы засмучаем Госпада. У такіх выпадках неабходна памірыцца – для гэтага трэба папрасіць прабачэння. І Бог прабачыць, для Яго гэта не цяжка. Мы таксама павінны прабачаць тым, 4255_big-300x300хто нас крыўдзіць – не трэба насіць злое ў сабе.

“…І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога…” Гэта просьба аб тым, каб Бог накіроўваў нас, дапамагаў рабіць дабро і бараніў ад дрэнных учынкаў.

Кожная малітва хрысціяніна заканчваецца словам “Амін” альбо “Амэн”. Яно азначае – “няхай будзе так”. Гэта значыць мы згаджаемся з усім тым, што казалі раней.

Гэта кароткі сэнс малітвы “Ойча наш”. Трэба разумець і верыць ў тое, што вы кажаце, у астатнім Бог дапаможа. Абавязкова папрасіце Яго аб дапамозе. І, канечне, маліцеся!

Да новай сустрэчы! З Богам!

Падрыхтавала Таццяна Жаўняровіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі