“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Ксавэрык мусіць паглядзець з другога боку

Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..

У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…

Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.

Ксавэрык мусіць паглядзець з другога боку

у заапарку 001 - копия

Ксавэрык любіць хадзіць у заапарк. Найбольш яму падабаецца хадзіць аднаму, але з настаўнікам і сябрамі з клясы таксама нічога. Побач зь ім ідзе Марціна. У яе смуглявая скура й чорныя валасы. У валасах у яе лунае сіняя шаўковая стужка, нібы матылёк з далёкае краіны.

Марціна купіла сабе кулёчак лёдаў. Раз-пораз яна падстаўляе кулёчак Ксавэрыку пад самы рот. “На, лізьні разок!”

Яны падыходзяць да клеткі з арангутанам. У арангутана рудая поўсьць. Ён калоціць сабе кулакамі ў грудзі. Ён трасе голае дрэва, якое стаіць у яго ў клетцы. Ён разявае рот і раве. Марціна хапаецца за Ксавэрыкаву руку.

“Ты мусіш мяне абараняць, Ксавэрык”.

Яна зноў трымаецца за ягоную руку, калі яны доўга стаяць каля зэбраў.

“Слухай, – шапоча Марціна. – Ты мне падабаесься. Калі ты хочаш, я абяцаю табе быць вернай, навечна”.

“О”, – кажа Ксавэрык, бо ён ня ведае, што тут яшчэ можна сказаць.

“Ну дык навечна”, – кажа Марціна.

I так рука ў руцэ ідуць яны ад зэбраў да львоў, ад ільвоў да сланоў. Марціна дастае з кішэні яблык. “Вось, Ксавэрык, для таго вялікага таўстуна!”

Ксавэрык пытаецца ў вартаўніка, ці можна кінуць слану яблык, і кідае яблык пад ногі вялікаму таўстуну. Слон хапае яго хобатам і суе ў рот.

Марціна радуецца. “Глядзі, слон міргае вокам. Гэта значыць: “Дзякую, вельмі смачна”.

Ксавэрык сьмяецца. Як прыемна хадзіць з Марцінай па заапарку.

Бальшыню зьвяроў карміць не дазваляецца. Марціна вельмі шкадуе. “Як бы мне хацелася іх прывабіць”, — кажа яна й зазірае да калібры.

калібры 001 - копияКалібры зіхацяць, як кроплі вады на сонцы. Яны кружацца вакол кветак і апускаюць свае даўгія тонкія дзюбкі па нэктар і дробных кузюрак. На адной з галінак Марціна заўважае гняздо. Яно ня большае за арэхавую шкарлупіну.

“Лепш бы табе ў валасы кветку замест стужкі, – кажа Ксавэрык Марціне. – А над кветкай лётала б калібры, нібы маленечкі верталёт. Гэта было б для цябе найлепшае ўпрыгожаньне”.

Марціна хіхікае.

Пасьля птушніка яны йдуць яшчэ да мядзьведзяў. Мядзьведзі ўжо менш цікавяць Марціну. Яна стамілася. Яна сядае на лаву й глядзіць на вераб’ёў, якія купаюцца ў пяску каля іх ног.

“У мяне яшчэ ёсьць паўбулачкі, – кажа Паўль Марціне. – калі хочаш пакарміць…”

“Добра, калі ўжо нельга пагуляць з калібры”, – кажа Марціна й корміць вераб’ёў.

Да аўтобуса Марціна вяртаецца з Паўлем. Ксаверыку нешта коле ў сэрца.

“Божачка, што ты цяпер скажаш?” – пытаецца ён, хоць і не спадзяецца, што ў гэткай гамане здолее пачуць, што яму адкажа Божачка.

Але Божачка гаворыць зусім выразна і ў вулічнай гамане. “Ты сумуеш?” – пытаецца ён.

“Так, – кажа Ксавэрык. – Бо ж яна абяцала мне вечную вернасьць, а цяпер ідзе з Паўлем. Нават на адзін дзень ёй не хапіла вернасьці”.

“Ты можаш паглядзець на гэта й з другога боку, – кажа Божачка. – Яна была табе верная вельмі доўга: ад арангутана да зэбраў, ад зэбраў да львоў і сланоў. Ад сланоў да калібры!”

“Ты думаеш, гэта доўга?” – пытаецца Ксавэрык.

“Для такой маленькай дзяўчынкі, якая спачатку мусіць папрактыкавацца?” – пытаецца Божачка.

“Цудоўна, калі ты так думаеш, – кажа Ксаверык. – Тады й нам ня трэба сярдзіцца на Марціну, калі гэтак”.

“Калі гэтак, дык не”, – кажа Божачка.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі