“Крынічка”. Сямейная Рада – “Дзеці і віртуальная рэальнасць”

Daugavpils Depils Depils.com Depils.ru Depils.lvРазважаючы аб развіцці дзіцяці ў школьным узросце, нельга абысці такую складаную тэму, як кампутарныя гульні. Віртуальная рэальнасць трывала ўвайшла ў нашае жыццё, і добра гэта ці дрэнна, але нават самыя маленькія дзеці так ці інакш ведаюць пра яе і ёю карыстаюцца.

Большасць псіхолагаў ставяцца да кампутарных гульняў для дзяцей строга адмоўна. Я маю крыху больш мяккую пазіцыю, якая, аднак, прадугледжвае ясныя абмежаванні. Можна вылучыць некалькі правілаў – яны будуць карысныя бацькам, чые дзеці цікавяцца кампутарнымі гульнямі і магчымасці забараніць іх цалкам няма.

НЕЛЬГА гуляць у кампутарныя гульні дзецям да 10 год, а таксама старэйшым у выпадку, калі дзіця мае неўралагічныя дыягназы (напрыклад, сіндром павышанай узбуджальнасці).

НЕЛЬГА ў любым дзіцячым узросце (да 18 год) гуляць у гульні, у якіх ёсць сцэны насілля, крыві ці амаральных паводзінаў. Такім чынам, выключаем з карыстання дзіцяці ўсе магчымыя “стралялкі”, “мачылкі” і г. д. Падкрэслім, што і пасля 18 лепей у такія гульні не гуляць.

ВЕЛЬМІ НЕ РЭКАМЕНДУЮЦЦА для дзяцей гульні, якія патрабуюць сутаргава-хуткай рэакцыі (так званыя “клікалкі” і “бегалкі” – гульні, дзе за абмежаваны час трэба штосьці зрабіць ці злавіць на экране). Такія заданні патрабуюць ненатуральна моцнай канцэнтрацыі ўвагі, нервова-хуткага рэагавання, правакуюць моцныя выкіды адрэналіну і, як вынік, расхістваюць нервовую сістэму дзіцяці. Як прыклад – офісная гульня “Гатэль Джэйн”, у якой трэба як мага хутчэй абслугоўваць кліентаў: падаваць ім гарбату, каву, газеты, рэгістраваць тых, хто прыехаў і выехаў… З кожным узроўнем колькасць кліентаў павялічваецца і ўзрастае напружанне.

880147Да той жа катэгорыі адносяцца так званыя real time стратэгіі, дзе кожны квест (заданне) павінен быць выкананы за абмежаваны час.

Нават калі вы выдалілі ўсе вышэй адзначаныя гульні, і вашаму дзіцяці прынамсі 10 год, – НЕЛЬГА даваць дзіцяці гуляць ў тыя гульні, у якія вы не гулялі самі. Часам самая нявінная на першы погляд гульня можа змяшчаць і эратычныя, і агрэсіўныя сюжэты, якія, як мы памятаем, знаходзяцца пад поўнай забаронай. З гэтага можна зрабіць больш агульную выснову: калі вы самі не гуляеце ў кампутарныя гульні, то не варта дазваляць гэта рабіць і дзецям. У гэтай сітуацыі кампутарная гульня будзе для вас сцяной, якая падзяляе сям’ю, уцягваючы аднаго з яе членаў – дзіця – у віртуальную рэальнасць.

У той жа час пры мудрым і адказным падыходзе кампутарная гульня можа стаць адным са спосабаў сумеснага сямейнага прабывання, баўлення часу.

Што неабходна, каб наш, бацькоўскі падыход да кампутарных гульняў быў сапраўды мудрым і адказным?

Па-першае, трэба паклапаціцца аб выкананні санітарна-гігіенічных нормаў: святло ў пакоі, тэхнічна ашчадныя характарыстыкі манітора і г.д. Сюды ж аднясём наступныя правілы: гуляць у кампутарную гульню для дзіцяці 10-ці год можна не болей за 15-20 хвілін і не менш як за 2 гадзіны да сну.

Важна таксама пільна сачыць за рэакцыяй дзіцяці на гэтыя абмежаванні: калі выключэнне кампутара суправаджаецца істэрыкай, крыкамі, слязьмі – гэта яскравы паказчык таго, каб кампутарныя гульні былі цалкам выключаны з жыцця дзіцяці, бо немагчымасць кантраляваць сябе, сачыць за часам і перапыняць гульню – гэта праявы кампутарнай залежнасці, якой усімі сіламі трэба пазбягаць. Здараецца, што, нягледзячы на тое, што фармальна дзіцяці ўжо споўнілася 10 год, ягоная нервовая сістэма яшчэ не развілася настолькі, каб мець справу з віртуальнай рэальнасцю, і знаёмства з ёю можа справакаваць псіхалагічную траўму.420x254x222.jpg.pagespeed.ic.XYzxflt1Ze

Па-другое, неабходна гуляць разам з дзіцём. Калі няма магчымасці быць непасрэдна ўключаным у гульню (напрыклад, калі яна разлічана на аднаго гуляючага), трэба быць побач, задаваць дзіцяці пытанні – чаму ты зараз робіш менавіта гэта? што будзеш рабіць далей? што атрымаецца, калі зробіш вось так? Варта, зразумела, таксама абмяркоўваць персанажаў гульні, іх паводзіны і г. д.

Найбольш бяспечнымі для дзяцей можна назваць наступныя тыпы гульняў:

Пакрокавыя стратэгіі – гульні, пабудаваныя паводле прынцыпу шахматаў: на кожны твой крок прыходзіцца крок суперніка, колькасць часу на абдумванне і рэалізацыю ходу не абмежавана.

Квесты (у залежнасці ад узросту дзіцяці). Як добры прыклад – “Машынарыум”, “Сібір”, але гэтыя гульні даволі складаныя і, напэўна, больш прыдатныя для старэйшых дзяцей. Памятаем таксама, што любую гульню, у тым ліку квесты, неабходна спачатку прайсці бацькам. Ніколі не давайце дзецям “непраінспектаваных” гульняў!

Гульні на ўвагу, кшталту “я шукаю”: знайсці прадметы ў пакоі, адрозненні на двух малюнках і г. д. Яны спрыяюць развіццю ўвагі, магчымасці заўважаць незвычайнае ў звычайным, развіваюць мысленне. Адзіны недахоп – некаторыя заданні ў іх трэба выконваць за абмежаваны час: напрыклад, знайсці 10 рэчаў у пакоі за 10-15 хвілін.  Але ўсё залежыць ад маштабу квесту, адведзенага часу, а таксама ад рэакцыі дзіцяці.

Пры мудрым падыходзе кампутар можа стаць не перашкодай, а добрым сродкам выхавання і сумеснага баўлення часу для ўсёй сям’і. Ёсць сем’і, дзе кампутар цалкам замяніў сабой тэлевізар, што дало бацькам магчымасць кантраляваць тое, што глядзяць іх дзеці.

Падрыхтавала Наталля Станкевіч

Наталля ў 2007 г. скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і паступіла ў аспірантуру на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У 2012 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па сацыяльнай філасофіі. У 2011–2012 гг. прайшла прафесійную перападрыхтоўку ў маскоўскім Інстытуце псіхааналізу па праграмеАсновы псіхааналізу. Працуе псіхолагам-кансультантам, распрацоўвае і праводзіць трэнінгі для сем’яў і моладзі. Замужам. Хрысціянка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі