“Крынічка”. Сшытак у клетачку – Чорнае страшыдла

“Крынічка” працягвае публікацыю сусветнай хрысціянскай класікі. Спецыяльна для дзетак – апавяданні каталіцкага святара-пісьменніка – Яна Твардоўскага.

Яго творы ўжо папулярныя ў многіх краінах свету і перакладзеныя на 15 моваў, у тым ліку і на беларускую. Яго імя нададзена больш чым 200 школам Польшчы. А сярод шматлікіх узнагарод святар найбольш цаніў званне Кавалера Ордэну Ўсмешкі – міжнароднай ўзнагароды, якая ўручаецца за дзеянні, якія прыносяць дзецям радасць.

Ксёндз Ян пісаў і вершы, і прозу: светла і проста аб веры і Госпадзе, так каб было зразумела нават самым маленькім. Яго апавяданні для ўсёй сям’і: для чытання разам, для разважання і для радасці. Яны напоўненыя бесклапотным гумарам, яны добрыя і шчырыя як дзеці, якіх ксёндз Ян вельмі любіў. Яны кажуць, што Госпад гэта добры сябар і пазнаёміцца з Ім трэба яшчэ ў дзяцінстве.

Чорнае страшыдла

fonstola.ru-73454Што такое пустыня?

Колькі забаваў, колькі смеху ў пясочніцы! Можна ляпіць высокія замкі альбо маленькія кулічы, паказваць усім новае вядзерца і лапатку, скакаць ад радасці.

А што атрымалася б, калі б пясочніца раптам пачала разрастацца?

Давайце ўявім сабе, што паўсюль навокал пясок. Усё спынілася: аўтобусы, таксоўкі. Вяртаешся дадому ўжо не па вуліцы, а па страшных пясках.

Узбіраешся па прыступках, як па гары пяску, уваходзіш у кватэру:

а тут на трэцім паверсе

цёця пяску па шыю мае

здзіўляецца, што яшчэ жывая.

Ванна поўная пяску. На лямпе пясок.

Тэлефануеш да сяброўкі, якая жыве праз дзве вуліцы, а яна кажа:

– У нас паўсюль пясок, бабуля залезла на дах і вытрасае тапкі.

Тэлефануеш да сябра ў Катавіцы, а сябар крычыць, што паўсюль пясок.

Пытаешся ў гадзіншчыцы, колькі часу, а яна кажа: пясок, пясок, пясок…

Падумайце толькі – Пан Езус быў не ў пясочніцы, дзе можна катацца з гладкай горкі, а ў такой вось жахлівай вялікай пустыні.

Езус аглядаецца: злева пяскі, справа пяскі, наперадзе і ззаду пяскі, а яшчэ ў дадатак падступае чорнае страшыдла.

Пан Езус галодны і сасмяглы. Сорак дзён і начэй Ён нічога не еў і не піў, а чорнае страшыдла прапаноўвае Яму белы хлеб. Тупнуў Езус нагой – нічога не хацеў ад д’ябла, хаця быў галодны і слабы, прагнаў страшыдлу.

Калі страшыдла ўцякло, анёлы прыйшлі і служылі Езусу. Напэўна, прынеслі на падносе хлеб і віно, як міністранты.

Пераклад Вольгі Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі