Кардынал Паралін: Папа ўдзячны каталікам за іх ролю ва ўзрастанні беларускага народа

7У Мінску 13 сакавiка на урачыстым прыёме у другую гадавіну абрання Папы Францішка і ў межах візіту ў Беларусь Дзяржсакратара Яго Святасці кардынала П’етро Параліна, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі свядома і ў поўнай меры спрыяе дыялогу дзеля міру.

Касцёл прысутнічае ў гэтым рэгіёне на працягу многіх стагоддзяў з поўным правам лічыцца неад’емнай часткай мясцовага грамадства і хоча надалей спрыяць шчасцю кожнага беларуса паасобку і ўсяго беларускага народа ў цэлым,  сказаў Апостальскі Нунцый у Беларусі, паведамляе catholic.by.

Звяртаючыся да П’етро Параліна, ён падзякаваў за тое, што кардынал «згадзіўся быць пілігрымам любові на гэтай зямлі, прасякнутай крывёю на працягу стагоддзяў, але якая прагне паўнаты супакою, што бярэ свой пачатак ва ўшанаванні годнасці кожнага чалавека і ў мірнай будучыні».

Дзяржаўны Сакратар Папы, звяртаючыся да сабраных, сказаў, што вельмі рады быць госцем на беларускай зямлі і перадаў прысутным сардэчнае прывітанне і благаслаўленне Святога Айца.

Кажучы пра асвячэнне вуглавога каменя новага будынка Апостальскай Нунцыятуры, іерарх сказаў: «Калі мы будуем дом, мы тым самым праяўляем намер пасяліцца на гэтай зямлі, сярод гэтага народа. Па яго словах, менавіта гэта Святы Пасад хацеў бы выразіць: прыязнасць у адносінах да беларускага народа, блізкасць, удзел у яго гісторыі, напоўненай чалавечай доблесцю і верай, салідарнасць у пакутах мінулага і падтрымку ў яго надзеях на мірную і добрую будучыню, асабліва для моладзі.

Як адзначыў кардынал, Святы Пасад будзе і ў далейшым прыкладаць усе намаганні, каб забяспечыць павагу і гарантыю годнасці, свабоды і сапраўдных правоў кожнага асобнага чалавека і ўсяго народа ў краіне і за яе межамі.

Ён дадаў, што Каталіцкі Касцёл «унёс і працягвае ўносіць не толькі тэарэтычны, але і канкрэтны ўклад, ажыццяўляючы служэнне гэтаму народу і дапамагаючы яму будаваць сваю будучыню. «Папа выражае, у прыватнасці і гэтым маім візітам, сваю велізарную ўдзячнасць каталіцкай супольнасці за яе ролю ў гісторыі, у маральным і грамадзянскім узрастанні беларускага народа», — сказаў кардынал.

Дзяржаўны Сакратар адзначыў, што «пакуты суседняй Украіны,звязанай роднаснымі і гістарычнымі сувязямі з беларускім народам, — наглядны напамін аб жахах вайны і аб тым, што калі мір звесці толькі да крохкай раўнавагі матэрыяльных інтарэсаў, гэта можа раптоўна прывесці да найбольш жорсткага і бесчалавечнага насілля.

Святы Пасад высока ацэньвае намаганні беларускіх уладаў пакласці канец гэтаму канфлікту, каб прадухіліць яшчэ больш трагічныя наступствы, падкрэсліў кардынал.

Іерарх выказаў надзею, што «ўвесь свет, пакліканы ўзбагаціцца культурным, маральным і духоўным здабыткам гэтай краіны, падтрымае яе ўпэўненыя намаганні, накіраваныя на ўмацаванне годнасці кожнай чалавечай асобы і ўяго народа ў цэлым».

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў адзначыў, што плённая дзейнасць Святога Пасаду, якая накіравана на распаўсюджванне ідэалу хрысціянства, ідэй чалавекалюбства, справядлівасці, дабра і міласэрнасці ва ўсім свеце, з’яўляецца найлепшым прыкладам самаадданага служэння людзям.

У Беларусі высока ацэньваюць духоўную місію Касцёла па захаванні агульначалавечых каштоўнасцяў у грамадзянскай свядомасці i вельмі ўдзячныя Яго Святасці за асабістую ўвагу да развіцця супрацоўніцтва з краінай і добрае стаўленне да незалежнай беларускай дзяржавы, сказаў прэм’ер-міністр.

Па яго словах, вельмі блізкім і зразумелым для беларускага народа з’яўляецца і падыход Святога Пасаду да вырашэння такіх актуальных праблем сучаснага грамадства, як сацыяльная несправядлівасць, барацьба з беднасцю, гандаль людзьмі.

Ватыкан для Беларусі — правераны партнёр, як у двухбаковых адносінах, так і ва ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр выказаў надзею на пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Святым Пасадам ва ўсіх сферах і перадаў Папу Францішку пажаданні моцнага здароўя і далейшых поспехаў у выкананні адказнай апостальскай місіі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі