Дзяржаўны сакратар Ватыкана захапіўся вершамі Барадуліна (фотарэпартаж)

Чуванне16На моладзевым чуванні ў касцёле святых Сымона і Алены ў ноч з 14 на 15 сакавіка Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана кардынала П’етра Параліна каталікі сустрэлі з гучнымі пляскамі  ў далоні і вокрыкамі “Беларусь чакае Папу”. Дарэчы, усяго на начныя чуванні зарэгістравалася каля тысячы чалавек моладзі.

Візітам у Беларусь Дзяржаўны Сакратар Ватыкана застаўся задаволены: “Касцёл у Беларусі Жывы. Ён квітнее пасля змрочных часоў пераследу. Мне прыемна было даведацца, што рэалізуецца праект па стварэнні духоўнай вучэльні па падрыхтоўцы каталіцкага духавенства. Але зразумела, што адукацыі патрабуюць і свецкія католікі. Пры чым адукацыя павінна ажыццяўляцца ў двух накірунках: паглыбленне вашай веры і сведчанне хрысціянскага жыцця ва ўсіх накірунках. Менавіта свецкія вернікі гэта могуць зрабіць лепш. І таму Касцёл ва ўсім свеце адчувае вялікую патрэбу ў адукацыі і выхаванні вернікаў. І я вельмі цешуся, што гэтае імкненне ў адукацыі паглыбляецца і ўзрастае сярод вас”.

Да візіту Дзяржаўны Сакратар добра азнаёміўся з беларускай культурай і прыродай. П’етра Паралін адразу ўзгадаў пра Рыгора Барадуліна, растанне з якім адбылося якраз у касцёле святых Сымона і Алены. Намеснік Папы казаў пра прыгожыя радкі з вершаў Барадуліна, якія кажуць пра ўкрыжаванага чалавека. Зараз у час посту гэтая тэма з’яўляецца важнай для вернікаў. П’етра Паралін заклікаў усіх маліцца аб суцяшэнні, калі мы церпім. Але ў той жа час, вернікі звычайна лепей сябе адчуваюць у смутку, чым у суцяшэнні: “Ведаце чаму? Бо ў смутку мы адчуваем  сябе героямі, дзеючымі асобамі. А ў суцяшэнні галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца Святы Дух. Менавіта ён суцяшае нас. Ён дае нам мужнасць. Ён прыводзіць да крыніц ўсялякага суцяшэння. А гэта і ёсць навяртанне”.

Была магчымасць у моладзі і задаць пытанне намесніку Папы. І першае пытанне, якое паступіла ад моладзі – “Калі ж прыедзе Папа?”. На жаль, нават П’етра Паралін не змог адказаць на гэтае пытанне.  І гэта выклікала роспач у моладзі. Але ён заверыў, што падчас візіту ў Беларусь у яго ўзнікла велізарнае жаданне пабачыць Папу тут: “Акрамя мяне хочуць яго бачыць тут і беларускія ўлады. А сёння вы, моладзь, выражаеце жаданне яго пабачыць. Думаю, што моладзі Папа дакладна не зможа супраціўляцца”.

Да моладзі П’етра Паралін звяртаўся досыць часта. Ён прасіў, каб маладыя людзі не ставіліся з кпінамі ні да каго. Сярод моладзі часта стаіць выбар: абраць Бога, якога мы не можам пабачыць і ці кар’еру і ўласны поспех? Гэты выбар Дзяржаўны Сакратар Ватыкана назваў новай спакусай нашага часу. І ад рашэння кожнага маладога чалавека будзе залежыць ўласная вера, будучыня і будучыня нашай краіны. Вырашыць праблему выбару П’етра Паралін прапанаваў наступным чынам: “Калі ў вас будзе спакуса пакінуць Бога дзеля нейкага чалавечага поспеху, выйдзеце на прастор, у вашыя лясы і палі, зірніце на вашыя азёры – ва ўсім гэтым адчуваецца подых Бога. І вы зразумееце, што ёсць часовае, а што – вечнае. А вечнае – гэта тое, што нам належыць спрадвеку”.

Дзяржаўны сакратар Ватыкана ўпэўнены, што сёння хрысціяне павінны трымацца стойкасці веры. Нават калі вернікаў не разумеюць, Бог любіць кожнага. І моц, якую Ён дасць сваім дзецям, дапаможа вытрымаць усё. Напрыканцы П’етра Паралін заклікаў усіх узнесці словы ў малітве, прапанаваўшы дзеля гэтага верш Рыгора Барадуліна:

Дзякую, Усявышні, Табе

За кожную лішнюю хвілю,

За кожную зморшчыну на ілбе,

За сілу й за бяссілле,

За дзірван і за араллю,

За пустку й за пушчу,

За тую зямлю,

Дзе люблю й не люблю,

I дзе я вочы заплюшчу.

Дзякую за цемру й святло,

За маміны вочы,

За ўсё, што было

I што не было,

Дзякую, Ойча…

 

Вікторыя Чаплева, фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі