“Крынічка”. Нядзельная школка – Біблія

IMG_1837Прывітанне, сябры!

Пад час нашых заняткаў вы ўжо некалькі разоў сустракаліся з цікавымі і павучальнымі цытатамі. Вось як гэта: “Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання,  для пераконвання,  для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы” (2 Цімафея 3:16-17)

А ці ўзнікала ў вас пытанне адкуль гэтыя цытаты?

Гэтыя словы паходзяць з самай важнай кнігі ўсяго хрысціянскага свету – Бібліі. Яе яшчэ называюць Святым Пісаннем альбо Кнігай Кнігаў. І гэта сапраўды так, Біблія перакладзена больш чым на 2500 моваў і дыялектаў, а яшчэ яна мае велізарную колькасць чытачоў, якая павялічваецца з кожным годам. Сама назва “Біблія” паходзіць ад грэцкага слова “βιβλίον” – што значыць “кніга”.

Чаму яна такая каштоўная для хрысціянаў?

У Бібліі апісана ўся гісторыя адносінаў чалавека і Бога ад моманту стварэння свету. У самой Кнізе напісана, што яна “натхнёная Богам”: яна не з’яўляецца плодам толькі чалавечай думкі, яна напісаная згодна з Божай воляй. У ёй няма ніводнага лішняга слова. Кожны чалавек знойдзе ў Бібліі і параду, і дапамогу, і надзею.

Біблія па сваёй сутнасці з’яўляецца зборам кніг. Але не ўяўляйце сабе адразу кніжную палічку. Усе кнігі невялікія па памеру і таму вельмі часта ўсё Святое Пісанне змешчаецца пад адной вокладкай. Кнігі Бібліі можна падзяліць на дзве часткі: кнігі Старога Запавету і кнігі Новага Запавету.

У чым розніца паміж Старым і Новым Запаветам?

У Старым Запавеце апісваецца гісторыя Божага народу, да нараджэння Ісуса Хрыста. А ў Новым апісваецца Яго нараджэнне, жыццё і вучэнне. Новы Запавет – гэта скарбніца, з якой кожны чалавек можа карыстацца для ўзбагачэння ўласнага жыцця. Асноўнымі кнігамі Новага Запавету з’яўляюцца 4 Евангеллі (“евангелле” – “добрая навіна”) – Евангелле паводле Мацвея, Евангелле паводле Марка, Евангелле паводле Лукі і Евангелле паводле Яна.

Крыху пазней мы больш грунтоўна будзем вывучаць Біблію. А пакуль прапаную вам разам з бацькамі пачаць яе чытаць, бо гэта ёсць добра!

Да наступная сустрэчы! З Богам!

Падрыхтавала Таццяна Жаўняровіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі