“Крынічка”. Панядзелкавая чытанка – Сабачая буда

Штопанядзелак “Крынічка” прадстаўляе вам добрую чытанку для бацькоў і дзетак. Пасля цяжкога дня-панядзелка ўвечары так цудоўна пачытаць разам добрую гісторыю!..

У апавяданнях аўстрыйскай пісьменніцы Лене Майер-Скуманц “…калі ты так думаеш, Божачка” вы знойдзеце гісторыі пра хлопчыка Ксавэрыка, якія апісваюць тыя ці іншыя здарэнні ў яго жыцці. У гэтых гісторыях няма нічога дзіўнага, няма цудаў – усё звычайна. І Ксавэрык таксама звычайны хлопчык, праўда, у яго ёсць сябар – гэта Божачка. Ён заўсёды побач і Ксавэрык вельмі любіць з Ім размаўляць…

Пераклаў Сяргей Шупа, ілюстрацыі Аксаны Ючкавіч.

Сабачая буда

1. Буда сярод бэзуУ плоце суседзкага саду ёсьць дзірка, якраз гэткая, што Ксавэрык можа пралезьці. Адразу за плотам, паміж кустоў бэзу, стаіць сабачая буда. Ужо шмат гадоў ёю не карыстаюцца.

Сусед сказаў Ксавэрыку: “Я яе разьбяру – калі толькі яна не патрэбная табе для гульні”.

“Не разьбірайце!” – папрасіў Ксавэрык.

Для гульні яму гэтая буда не патрэбная. А толькі для быцьця на адзіноце.

Тут яму ніхто не замінае, калі яму хочацца падумаць.

Тут добры прытулак, калі яму сумна.

Падлога ў будзе драўляная, гэта цьвёрдая пасьцель для Ксавэрыка, калі ён ляжыць на сьпіне, упершы ногі ў сьцяну. Шмат пра што яму тут думаецца лепей, чым дома ў мяккім ложку.

Але ў гэты дзень Ксавэрыку нават і думаць ня хочацца.

Ён ня хоча думаць пра тое, як дзеці яго абсьмяялі толькі за тое, што ён на школьным сьвяце фальшыва сьпяваў.

Ён ня хоча думаць пра тое, што ён забыўся змайстраваць крэсла для Лізінай лялькі.

2.У будзе КсаверыкЁн ня хоча доўга разважаць над тым, чаму яму гэтым разам зусім нічога не ўдаецца.

Ён здаецца сам сабе стомленым, маленькім і вартым жалю, ні да чога не прыдатным. Ён хоча толькі адпачыць.

“Божачка, – кажа Ксавэрык. – Ты тут?”

“Так, я тут”, – кажа Божачка.

“А я цяпер хацеў бы лепей пабыць адзін, – кажа Ксавэрык. – Якраз у гэтую хвіліну мне ня хочацца, каб тут нехта яшчэ быў, каб ён нешта ад мяне хацеў і трымаў бы мяне”.

“Я цябе не трымаю, – кажа Божачка. – Я табе не замінаю. Адпачывай сабе, а я пакуль патрымаю буду”.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі