“Крынічка”. Сямейная Рада – Як прабачаць

прощение-2Сёння мы пагаворым аб прабачэнні і паспрабуем вызначыць яго ролю ў сямейным жыцці.

Прабачэнне – гэта не аднаразовы акт, а цэлы працэс, расцягнуты ў часе. Пры чым у гэтым працэсе, на самай справе, заўсёды мінімум тры ўдзельнікі, сярод якіх абавязкова прысутнічае Бог. Ён дае магчымасць прабачаць. Такім чынам, можна сказаць, што прабачэнне адбываецца не на ўзроўні эмоцыяў (хоць так часта здаецца), а на ўзроўні духу, на ўзроўні містычнай сувязі з Госпадам.

Такі падыход дазваляе пазбегнуць многіх перашкодаў, якія стаяць на шляху да прабачэння, бо большасць з іх схаваная менавіта ў чалавечых пачуццях, у ўяўленнях аб сабе і аб іншых людзях, у светапоглядзе.

Якія гэта перашкоды?

Адной з асноўных ёсць самападман – пэўнае ўяўленне, што прабачэнне вымушае адрачыся ад болю, зрабіць выгляд, што ніхто нікога насамрэч не крыўдзіў. Прыкладна вось так: “Гэты чалавек так моцна пакрыўдзіў мяне, прычыніў боль – а я зараз буду вымушаны яму ўсміхацца, размаўляць з ім і рабіць выгляд, што ён нічога дрэннага не адбылося”. Разважаючы такім чынам, сапраўды, цяжка адважыцца на прабачэнне.

84051518_proschenie_motivator_10У такім поглядзе хаваецца памылка, бо Бог не вымушае адракацца ад болю і Ён не падтрымлівае ілжы. Наадварот – Госпад заклікае стаць у праўдзе перад Ім і перад сабою. Што гэта азначае? Сапраўднае, рэальнае прабачэнне магчыма толькі ў дачыненні да сапраўднай, рэальнай віны. Менавіта таму першым крокам да прабачэння з’яўляецца своеасаблівае “складанне рахунку”: выяўленне памеру нанесенай крыўды. Варта сумленна зірнуць на сваё жыццё, на сябе самога і сказаць: “Дрэнны ўчынак таго чалавека параніў мяне вось тут і тут. У маім жыцці адбыліся вось такія і такія негатыўныя змены…” і г. д. Пры гэтым варта памятаць, што прабачэнне не азначае зняцця адказнасці з крыўдзіцеля: ён застанецца адказным перад Богам і перад намі за тое, што ўчыніў.

“Падвядзенне рахунку” працэс зусім няпросты. Ён мае два супрацьлеглыя накірункі, бо мы павінны падлічыць не толькі шкоду, але і ўстанавіць меру адказнасці крыўдзіцеля. Тут вельмі важна адзначыць не толькі тое, у чым іншы чалавек вінаваты перад намі, але і тое, у чым ён не вінаваты. Бо нярэдка ў такіх выпадках адзін чалавек можа стаць вінаватым ва ўсіх бедах.

Тут можна ўгледзець яшчэ адну перашкоду, якая часта не дае магчымасці прабачыць, – па-за межамі адказнасці крыўдзіцеля ляжыць мая ўласная адказнасць.

Трэцяй перашкодай на шляху прабачэння з’яўляецца страх – я прабачу, даверуся, а мяне зноў пакрыўдзяць. У такім выпадку заўсёды ёсць выбар – дапусціць чалавека да сябе, зблізіцца з ім ці захаваць пэўную дыстанцыю.

Страх часта таксама хаваецца за гневам.

У сямейным жыцці прабачэнне мае вырашальную ролю. Муж, жонка, дзеці лепей за ўсіх ведаюць, што нам падабаецца, але таксама і што найбольш можа нас параніць. Нажаль, часта ў кіпені спрэчкі і непаразумення гэтыя веды і выкарыстоўваюцца. Яны наносяць самую вялікую крыўду.

1413580699_forgiveДля будавання сямейнага шчасця важна прабачэнне не толькі свайму сужонку ці дзецям, але і сваім бацькам. Кожны з нас прыносіць ў сям’ю, якую стварае, свой досвед, сфармаваны ў бацькоўскім доме. Гэты досвед можа быць карысным, а можа быць адмоўным, разбураючым. Траўмы, атрыманыя ў адносінах з бацькамі, часта не даюць магчымасці пабудаваць шчаслівым уласны шлюб. У такой сітуацыі працэс прабачэння становіцца адным са складнікаў больш шырокага працэсу – аддзялення ад бацькоў, фармавання ўласнага светапогляду, загойвання ранаў.

Важна таксама памятаць – прабачэнне патрэбнае, ў першую чаргу, нам. Бо ў нас застанецца плён – свабода. Свабода быць гаспадаром свайго жыцця, прымаць рашэнні не на падставе крыўды, а на падставе свайго выбару. Свабода не трымацца за мінулае. Свабода пазбавіцца ад болю.

Прабачэнне азначае, што ў жыцці ёсць нешта больш каштоўнае, чым крыўда.

Падрыхтавала Наталля Станкевіч

на падставе кнігі а. У. А. Менінджара Шлях да прабачэння

Наталля ў 2007 г. скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ і паступіла ў аспірантуру на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. У 2012 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па сацыяльнай філасофіі. У 2011–2012 гг. прайшла прафесійную перападрыхтоўку ў маскоўскім Інстытуце псіхааналізу па праграме Асновы псіхааналізу. Працуе псіхолагам-кансультантам, распрацоўвае і праводзіць трэнінгі для сем’яў і моладзі. Замужам. Хрысціянка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі